Криминал. Происшествия

Происшествия

Кумпяк
З гаспадарчай пабудовы прапаў кумпяк вагою дваццаць кілаграмаў. Пра гэта паведаміла ў міліцыю жыхарка райцэнтра. Свініна ацэнена амаль на васемсот тысяч рублёў. Па гарачых слядах злачынца знойдзены. Ім аказаўся мясцовы жыхар. Частку мяса ён паспеў з’есці, астатняе вернута пацярпелай. Па дадзенаму кра-дзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Прызыўнік
Ураджэнец райцэнтра не хацеў служыць у арміі. Каб не з’яўляцца  ў ваенкамат і хворым прыкідваўся, і рабіў выгляд, што павесткі да яго ўвогуле не прыходзілі. За ўхіленне ад ваеннай службы супраць прызыўніка ўзбуджана крымінальная справа.
Раскаянне
У пенсіянера з Мосарава з кішэні курткі прапала 350 тысяч рублёў. Праз некалькі дзён пасля звароту пацярпелага ў РАУС у міліцыю з’я-віўся мясцовы жыхар і прызнаўся, што гэта ён выцягнуў з кішэні земляка грошы. Мужчына раскаяўся і аддаў грошы. Улічваючы чыстасардэчнае прызнанне, супраць вяскоўца не была ўзбуджана крымінальная справа.
Дача
Жыхарка Віцебска паведаміла ў міліцыю, што невядомы злодзей выставіў аконную раму ў яе дачным доме ў Шуміліне і пранік у пакой. Адтуль зніклі два дываны, кухонны камбайн, тэлефонны апарат. Агульны ўрон ацэнены больш як на мільён рублёў. Злачынца вышукваецца.
Пажар
У пачатку студзеня супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на пажар у вёску Гарэлая Града. Тут загарэўся жылы дом, агнём пашкоджана сцяна. Прычыны пажару ўстанаўліваюцца.
Брага
У аднаго з жыхароў Грудзінава канфіскавана сорак літраў самагоннай брагі. Вясковец прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Парушэнні
У мінулым годзе за парушэнне хуткасных рэжымаў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 1861 чалавек, гэта на 798 больш, чым за папярэдні год. Больш за 350 пешаходаў парушылі Правілы дарожнага руху.
Наезд
Жыхар Шуміліна, рухаючыся заднім ходам на ВАЗ-2105 па вуліцы Кароткіна ў райцэнтры, наехаў на легкавы аўтамабіль, які стаяў на абочыне. Машына пашкоджана. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол. Мужчыну пагражае штраф у памеры ад трох да трыццаці базавых велічынь або пазбаўленне правоў кіраваць аўтамабілем на тэрмін да двух гадоў.
Нецвярозы
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі ў аграгарадку Мішневічы затрымалі нецвярозага віцябляніна, які ехаў на “Аўдзі-100”. Як паказаў алкатэстар, ступень ап’яненння зашкальвала – 1,17 праміле. Вадзіцель затрыманы. Аўтамабіль дастаўлены на стаянку РАУС. Мужчыну пагражае штраф ад 15 да 35 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *