Обманули на «Куфары», стали причиной ДТП – криминальные новости Шумилинского района

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Крадзеж
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуліся работнікі райбыткамбіната, якія заявілі, што з бытавога памяшкання прадпрыемства прапалі веласіпед і мабільны тэлефон. Урон ацэнены амаль у 700 рублёў.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку, якія прыбылі на месца здарэння, па гарачых слядах устанавілі, што крадзеж здзейсніў раней судзімы жыхар райцэнтра. Мужчына затрыманы, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Украдзенае часткова знойдзена і будзе вернута пацярпелым.
Грошы
З-за сваёй наіўнасці і неасцярожнасці пацярпела жыхарка райцэнтра. На «Куфары» яна знайшла тавар, які ёй прыйшоўся даспадобы. Прадавец папярэдне папрасіў пералічыць грошы на ўказаны рахунак. Жанчына так і зрабіла. У выніку – ні грошай (больш за 200 рублёў), ні тавару. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
Наезд
Жыхар райцэнтра здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне ў Віцебску. Мужчына ігнараваў правілы дарожнага руху і на сваім «Опелі» праехаў па праспекце Фрунзе на чырвонае святло святлафора. Пры гэтым наехаў на віцяблянку, якая пераходзіла дарогу праз пешаходны пераход. Жанчына з чэрапна-мазгавой траўмай і цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлена ў бальніцу. Вадзіцелю пагражае штраф ад 5 да 20 БВ або пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на два гады.
Дыстанцыя
На перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Луначарскага сутыкнуліся аўтамабілі. Прычына – жыхар Віцебска ехаў на МАЗе і не выбраў небяспечную адлегласць да аўтамабіля «Шкода», які рухаўся ўперадзе. Людзі не пацярпелі, легкавушцы патрабуецца рамонт. На віцябляніна складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф да 5 БВ.
На перакрыжаванні
Вадзіцель аўтамабіля «Нісан» на перакрыжаванні вуліц Луначарскага-Кароткіна зачапіў веласіпедыста, пасля чаго з месца ДТЗ з’ехаў. Людзі не пацярпелі, веласіпеду патрабуецца рамонт. Асоба віноўніка ДТЗ устаноўлена. На яго складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы, пагражае штраф да 10 БВ.
Веласіпедыст
Падчас чарговага дзяжурства на дарогах райцэнтра супрацоўнікі ДАІ «знялі» з праезнай часткі дарогі нецвярозага веласіпедыста. Аварыйная абстаноўка, якую той стварыў на дарозе, магла каштаваць жыцця і самому парушальніку, і іншым удзельнікам дарожнага руху. Мужчыну пагражае штраф ад 3 да 5 БВ.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №2 ад 12.01.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *