Звароты грамадзян і гатоўнасць да пасяўной

Главное Президент Экономика

Звароты грамадзян і гатоўнасць да пасяўной

Вынікі работы са зваротамі грамадзян у 2020 годзе, а таксама падрыхтоўка сельскагаспадарчых арганізацый раёна да вясенніх палявых работы абмяркоўваліся на пасяджэнні райвыканкама 26 лютага.

Як падкрэсліў, адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, абодва пытанні вельмі важныя. Людзі звяртаюцца са сваімі праблемамі да ўлады звычайна ў крайнім выпадку, калі яны не знайшлі паразумення на ўзроўні выканаўцаў, і гэта сведчанне нездавальняючай якасці работы раённых службаў і арганізацый, іх работнікаў, якія займаюцца рашэннем пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
Не менш сур’ёзнае і другое пытанне. Ад таго, як мы падрыхтаваліся да пасяўной, залежаць і вынікі, з якімі мы прыйдзем да «Дажынак», як спрацуем па году ў цэлым.
Кіраўнік спраў райвыканкама Сяргей Белагалоў, які выступаў па першым пытанні, адзначыў, што за год колькасць зваротаў у райвыканкам, уключаючы аддзелы і ўпраўленні, павялічылася – усяго паступіла 436 зваротаў (112,7% да 2019 года). Пры гэтым, амаль у чатыры разы павялічылася колькасць электронных зваротаў, якія склалі 33% ад агульнай колькасці. Непасрэдна ў райвыканкам паступіла 264 звароты. Праведзена 25 выязных прыёмаў кіраўніцтвам райвыканкама, на якіх паступіла 85 зваротаў.
Найбольшая колькасць зваротаў тычыцца жыллёва-камунальных пытанняў, пытанняў дарожнай гаспадаркі, сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння, архітэктуры і будаўніцтва, зямельнага і жыллёвага заканадаўства.
Дакладчык прадставіў падрабязны аналіз зваротаў па сельскіх саветах, адзначыўшы, што ад жыхароў Мікалаеўскага, Каўлякоўскага і Дабейскага саветаў у райвыканкам паступіла толькі па 4 звароты, гэта значыць ўсе пытанні рашаліся на месцах. Высокая колькасць зваротаў у райвыканкам ад жыхароў г. п. Шуміліна, Светласельскага і Мішневіцкага сельсаветаў.
Быў вызначаны і шэраг найбольш праблемных пытанняў, сярод якіх – недахоп фінансавых сродкаў для рамонту жылля і дарог, праблемы з затрымкай выплаты зарплаты ў сельгасарганізацыях, неналежная якасць паслуг ЖКГ, водазабеспячэнне і іншыя.
Былі заслуханы справаздачы дырэктара УП ЖКГ Аляксея Шпакава па рабоце са зваротамі грамадзян і паляпшэнні якасці паслуг, старшыні Мішневіцкага сельвыканкама Галіны Зязюлька аб прычынах росту зваротаў у райвыканкам з падначаленай тэрыторыі.
У прынятым рашэнні вызначаны дакладныя меры па паляпшэнні якасці работы са зваротамі, да-дзены даручэнні кіраўнікам арганізацый па рашэнні найбольш актуальных праблем, якія ставяцца грамадзянамі ў зваротах да гаспадарчых арганізацый і органаў улады.
Аб мерах па падрыхтоўцы да правядзення веснавых палявых работ расказала намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Дубіневіч. У 2021 годзе перад раёнам стаіць задача намалаціць 29 тысяч тон збожжа, 4 тысячы тон насення рапсу, сабраць 450 тон бульбы. Трэба нарыхтаваць кармоў не менш 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву, а для гэтага назапасіць 4,5 тысячы тон сена, 90 тысяч тон сенажу, 65 тысяч тон сіласу. На дзяржаўныя патрэбы неабходна паставіць 3050 тон харчовага зерня, 300 тон насення рапсу, 150 тон піваварнага ячменю.
Сельгасарганізацыі раёна з восені пасеялі 6381 га азімых зерневых, 2385 га азімых крыжакветных. Вясной трэба пасеяць 13 252 га яравых культур, у тым ліку 5419 зерневых і зернебабовых, 1115 га яравога рапсу, 3550 аднагадовых, 3150 га кукурузы, 18 га бульбы.
Дакладчык адзначыла пэўныя праблемы з запасам мінеральных угнаенняў пад веснавую сяўбу (маецца 6% ад патрэбнага), са сродкамі аховы раслін. У гаспадарках вядзецца рамонт трактароў і прычапной тэхнікі, якая гатова ў сярэднім на 86-89%, але ёсць праблемы з падрыхтоўкай тэхнікі ў СУП «Лаўжанскае» і КУСГП «Ульскі», якім трэба актывізаваць гэту работу. Таксама ў гаспадарках раёна не хапае 14 механізатараў, якіх будуць запрашаць з гарадскіх арганізацый.
Старшыня райвыканкама спыніўся на найбольш вострых праблемах, запытаў спецыялістаў упраўлення, кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый пра захады, якія робяцца па выпраўленні сітуацыі з насеннем, мінеральнымі щгнаеннямі, запчасткамі для рамонту. Дарэчы, на набыццё запасных частак райвыканкам знайшоў магчымасць выдаткаваць 225 тысяч рублёў. Было адзначана, што персанальныя спісы механізатараў, якіх накіруюць у гаспадаркі на пасяўную, ужо павінны быць, і самі механізатары павінны ведаць умовы працы.
Праект рашэння па гэтым пытанні быў накіраваны на дапрацоўку з улікам выказаных заўваг і прапаноў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №16 ад 02.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *