В Шумилино прошла диалоговая площадка для трудящейся молодежи

Молодёжь Новости

«Адкрыты дыялог»: будучыня краіны за маладымі

У рамках праекта БРСМ «Адкрыты дыялог» у Шуміліне пад дэвізам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць» адбылася дыялогавая пляцоўка для працуючай моладзі Шуміліншчыны.

Спікерамі на мерапрыемстве выступілі першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта ГА БРСМ Уладзімір Бабічаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.

Мадэратар сустрэчы першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева прапанавала даць слова ўдзельнікам VI Усебеларускага народнага сходу.
Першы сакратар абкама ГА БРСМ Уладзімір Бабічаў адзначыў, што сход стаў найважнейшай падзеяй для Беларусі. У ім бралі ўдзел 140 членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, 17 з якіх прадстаўлялі моладзь Віцебшчыны. «Важна, што кіраўніцтва краіны робіць стаўку на моладзь, – сказаў Уладзімір Бабічаў. – Лідар краіны ў сваім выступленні падкрэсліў выключную ролю моладзі ў далейшым развіцці краіны». На сходзе вялася гутарка і пра замацаванне маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці, і пра ролю сям’і ў сучасным грамадстве, і пра развіццё грамадзянска-патрыятычнага выхавання маладых жыхароў Беларусі.
«Безумоўна, VI Усебеларускі народны сход стаў вызначальнай падзеяй года, – пачаў сваю прамову старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. – На сходзе былі падведзены вынікі мінулай пяцігодкі і прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, акрэслены прыярытэты развіцця краіны, у якіх важная роля адведзена менавіта моладзі».
Маладыя прадстаўнікі Шуміліншчыны цікавіліся ў дэлегатаў пра атмасферу мерапрыемства і асабістыя пачуцці, пра выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У наступным блоку сустрэчы Вікторыя Бяляева прапанавала пачаць дыскусію пра маладзёжную палітыку ў нашым раёне. Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава адразу адзначыла, што ўлада заўсёды прыслухоўваецца да голасу маладых, імкнецца падтрымаць самыя смелыя і крэатыўныя пачынанні. Маладыя людзі актыўна ўключыліся ў дыялог. Зразумела, што найперш закраналіся праблемныя для моладзі пытанні: пра кафэ, кінатэатр, вольны час, закранулі пытанне пра спецыяльную пляцоўку для выгулу сабак. Ірына Іванаўна акцэнтавала ўвагу маладых лю-дзей на неабходнасць праяўлення большай ініцыятывы ў рашэнні праблем, падкрэслівала, што многае яны могуць зрабіць уласнымі рукамі. Атрымалася канструктыўная гутарка, падчас якой бакі пачулі адзін аднаго.
Праект БРСМ «Адкрыты дыялог» даўно рэалізуецца ў краіне як пляцоўка для грамадска-палітычнай актыўнасці моладзі. Гэтая платформа дае роўныя магчымасці як для моладзі, так і для ўсёй грамадзянскай супольнасці падыскутаваць на тую ці іншую тэму, агучыць свае ідэі, вырашыць праблемы. У моладзі ёсць магчымасць задаць хвалюючыя пытанні спікерам, у ролі якіх выступаюць прадстаўнікі ўлады, прадпрымальнікі, грамадскія актывісты. Прамы кантакт улады і грамадзян з’яўляецца эфектыўным інструментам развіцця грамадзянскай супольнасці.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *