Калі «Гарэзнікі» бяруць у рукі лыжкі

Культура Новости

Калі «Гарэзнікі» бяруць у рукі лыжкі

Пачатак 2021 года народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі» пад кіраўніцтвам Анжалікі Загнетавай адзначыў адразу дзвюма перамогамі. Ансамбль стаў лаўрэатам (дыплом III ступені) Міжнароднага замежнага фестывалю мастацтваў «Musikal star of Slovenia» (дыстанцыйная форма, фестываль праходзіў у Рэспубліцы Славенія). Перамогу «Гарэз-нікам» прынесла «Фантазія обальскіх лыжачнікаў на тэму беларускай народнай песні «Лявоніха». Яшчэ адзін дыплом лаўрэата III ступені ансамбль атрымаў на IV Міжнародным тэлепраекце «Кубак Дружбы» ў Мінску.

Варта сказаць, што традыцыйны беларускі інструмент – драўляныя лыжкі – «Гарэзнікі» не адразу ўзялі на ўзбраенне. Гэтаму папярэднічаў даволі доўгі час актыўнай канцэртнай дзейнасці.
Створаны ў 2000 годзе на базе Обальскай дзіцячай школы мастацтваў, ансамбль адразу палюбіўся публіцы. Але калектыў разумеў, што для таго, каб захапляць, трымаць увагу гледачоў, патрэбна расці і здзіўляць. І ў 2017 годзе «Гарэзнікі» пачалі асвойваць новы музычны інструмент – лыжкі!
І менавіта лыжкі сталі тым трапным удалым акцэнтам, які характару «Гарэзнікаў» дадаў яскравасці, каларытнасці, непаўторнасці.
Яркія іскрамётныя інструментальныя замалёўкі з лыжкавым акцэнтам загучалі не толькі ў Обалі і Шуміліне, але і ў Віцебску, Браславе, Гарадку, Дуброўне, Брэсце, Мінску, а таксама ў польскіх гарадах Лодзь і Макув-Мазавецкі.
Лыжкі здаюцца гледачу працягам спрытных жаночых рук. Але колькі за гэтай відавочнай лёгкасцю карпатлівай упартай працы, колькі сінякоў і пабітых каленак!
«За гэты час было паразбіта нямала лыжак, не кожная парода дрэва вытрымлівае такія напружаныя рэпетыцыі», – дзеліцца эмоцыямі ініцыятар і натхняльнік ідэі з’яўлення ў ансамблі народнага інструмента Жанна Амвросава, настаўнік па класу акардэона Обальскай ДШМ.
А захапленне, адточваючы свае грані, паступова выйшла на прафесійны ўзровень, што знайшло пацвярджэнне ў шматлікіх перамогах на фестывалях і конкурсах. Усяго і не пералічыш. Толькі ў мінулым годзе «Гарэзнікі» сталі лаўрэатамі II ступені Міжнароднага рознажанравага конкурсу «LETOSTAR-2020», лаўрэатамі I ступені III Міжнароднага конкурсу выканальніцкіх відаў мастацтваў «#СЯБРЫ-2020», лаўрэатамі II ступені V Міжнароднага фестывалю мастацтваў «#BYFEST», лаўрэатамі I ступені III Міжнароднага многажанравага фестывалю «Белавежская зорка». Вось такімі важкімі дасягненнямі народны вакальны ансамбль адзначыў сваё 20-годдзе.
Сёння «Гарэзнікаў» ведаюць, любяць і чакаюць і ў Обалі, і далёка за межамі роднага мястэчка. Гледачы радуюцца вытанчаным касцюмным строям, зла-джанасці інструментальных гукаў, вясёламу такту драўляных лыжак і шчыра жадаюць новых сустрэч і поспехаў обальскаму таленавітаму калектыву.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіва Обальскай ДШМ.
P.S. А самымі лепшымі ўдзельнікі ансамбля прызналі лыжкі з ліпы.
Апублікавана ў №22 ад 23.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *