«Чалавек года Шуміліншчыны»: Мікалай Гаралевіч

Главное Общество

Працаваць на апярэджанне

Мікалая Гаралевіча ў раёне ведаюць як чалавека адказнага, працавітага, сумленнага. Па выніках работы за мінулы год начальнік аддзялення ДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў стаў лаўрэатам звання «Чалавек года Шуміліншчыны».

Мікалай прызнаўся, што ў прафесію трапіў выпадкова. Яго, ва-дзіцеля адной з шумілінскіх арганізацый, прыкмеціў і запрасіў на працу былы намеснік начальніка РАУС Віктар Шчарбакоў. І сёння, калі за плячыма ўжо больш за 20 год службы, Мікалай Уладзіміравіч упэўнены, што тады зрабіў правільны выбар. Пакуль рупіўся вадзіцелем, інспектарам ДПС, закончыў завочна Магілёўскі інстытут МУС. Працаваў на розных пасадах, а ў 2011 годзе ўзначаліў аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі.
Калектыў аддзялення малады, працаздольны, здатны спраўляцца з пастаўленымі задачамі. І галоўная з іх – прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў. Машыны ДАІ можна сустрэць у розных кутках раёна, нават там, дзе, на першы погляд, рух не такі і напружаны.
– Мы арыентуемся на аналіз аварыйнасці: у першую чаргу адпрацоўваем тыя ўчасткі, дзе здараецца больш ДТЗ, – дзеліцца вопытам Мікалай Гаралевіч.– Ведаем самыя «гарачыя» кропкі і стараемся працаваць на апярэджанне.
Мікалай Уладзіміравіч найбольш дысцыплінаванымі ўдзельнікамі дарожнага руху лічыць вадзіцеляў аўтамабіляў, а вось пешаходам і веласіпедыстам, на яго думку, адказнасці часта не стае. Іх паводзіны нярэдка правакуюць ДТЗ. Вось і выходзіць, што за год каля 700 пешаходаў атрымліваюць штрафы за парушэнне Правілаў дарожнага руху.
За 15-20 год сітуацыя на дарогах Шуміліншчыны істотна палепшылася. У першую чаргу гэтаму паспрыяла мадэрнізацыя трасы Р-20: дарога стала шырокай, камфортнай для аўтамабілістаў. Наяўнасць на трасе камер фотафіксацыі таксама робіць сваю добрую справу. Атрымліваецца, што аматарам парушаць хуткасны рэжым проста няма дзе разагнацца.
– Калі, да прыкладу, у 2002 годзе на дарогах раёна загінула 9 чалавек (30 было паранена), то летась – 1, – прыводзіць прыклад начальнік ад-дзялення ДАІ.
Самай небяспечнай парой года Мікалай Гаралевіч лічыць восень, асабліва кастрычнік. На вуліцы хутка цямнее, а пакуль снег не выпадзе, то проста нічога не бачна.
А вось паміж жанчынамі і мужчынамі за рулём розніцы на карысць апошніх не бачыць. Мінулыя стэрэатыпы даўно не актуальныя. Галоўнае, каб п’янымі за руль не садзіліся. На жаль, нягледзячы на строгія пакаранні, такое здараецца. Сёлета ўжо з дзясятак такіх выпадкаў зафіксавалі.
Сам наш герой вядзе здаровы лад жыцця. Любую вольную хвіліну аддае рабоце па гаспадарцы, якая ў мужчыны заўжды знойдзецца. Разам з жонкай Верай пабудавалі дом, выгадавалі сына. Хлопец у гэтым годзе заканчвае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава і вяртаецца ў раён – будзе працаваць трэнерам у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Агульнае з сынам захапленне – лыжы. Разам ездзяць катацца на комплексы ў Сілічы, Лагойск, Гарадок. Мікалай – пастаянны ўдзельнік і пераможца галіновых спаборніцтваў па гэтым відзе спорту.
Рэалізаваўшыся ў прафесіі, у жыцці, сёння Мікалай Гаралевіч адчувае сябе шчаслівым чалавекам. Ён шчыра любіць сваю малую радзіму, паважае людзей, удзячны лёсу за ўсё, што мае.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №22 ад 23.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *