Творчы дуэт Кіры Гуйдо і Віталіі Глушнёвай узяў два гран-пры – у Лондане і Берліне

Культура Новости

Дуэт узяў два гран-пры – у Лондане і Берліне

Творчы дуэт Кіры Гуйдо і Віталіі Глушнёвай з Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў заваяваў два гран-пры на міжнародных конкурсах.

Выступаюць Віталія Глушнёва і Кіра Гуйдо.

Талент нельга закрыць пад замок. Ён патрабуе выйсця, сваёй рэалізацыі. І цяперашняя складаная эпідсітуацыя, якая літаральна зачыніла дзверы конкурсаў і фестываляў у рэальным часе, прымусіла многіх творчых людзей шукаць анлайн-стасункі. І нечакана адкрываць для сябе новыя гарызонты.
Шумілінская дзіцячая школа мастацтваў у гэтай сітуацыі робіць вельмі многае для росту сваіх выхаванцаў, стараецца знайсці новыя анлайн-пляцоўкі. Так настаўнікі школы натрапілі на V Міжнародны конкурс-фестываль мастацтваў «London Art and Dance» і загарэліся паўдзельнічаць у ім.
Для гэтага выкладчыкі Нэлі Жаваранкава і Іна Ворса вырашылі аб’яднаць сваіх творчых таленавітых вучаніц Кіру Гуйдо і Віталію Глушнёву. Так нара-дзіўся інструментальны дуэт. Педагогі ведалі патэнцыял кожнай з дзяўчынак, якія паасобку ўжо не раз станавіліся лаўрэатамі конкурсаў рознага ўзроўню, і верылі ў іх перамогу.
Але тое, што юныя музыкі змаглі абысці ўсіх ўдзельнікаў з больш чым дзесяці краін і ўзяць галоўны прыз – гран-пры, нават для іх стала прыемнай падзеяй.
Гэтая перамога стала магчымай дзякуючы спалучэнню таленту і стараннай працы, зладжанасці і творчаму яднанню. «Мелодыя» Міраслава Скорыка, пададзеная флейтай Віталіі Глушнёвай і фартэпіяна Кіры Гуйдо, пакарыла міжнароднае журы, якое адзначыла складанасць рэпертуару і віртуознасць валодання інструментамі, чысціню выканання і артыстычнасць шумі-лінскага дуэта, яго творчую індывідуальнасць.
Гран-пры лонданскага фестывалю стала пуцёўкай на аналагічны фестываль у Берліне – contest «Talants of Berlin». І зноў наш дуэт стаў лепшым і атрымаў вышэйшую ўзнагароду – гран-пры.
За плённае супрацоўніцтва і развіццё талентаў, а таксама за ўмацаванне міжнародных еўрапейскіх і культурных сувязей настаўнікі Шумілінскай ДШМ Нэлі Жаваранкава і Іна Ворса атрымалі падзячныя лісты ад аргкамітэта музычнага праекта.
«Работа ў дуэце сплаціла дзяўчынак, – кажа Н. І. Жаваранкава. – Калі вучні і іх настаўнікі атрымліваюць задавальненне ад таго, што робяць, адчуваюць радасць агульнага парыву, узаемнай падтрымкі, можна лічыць, што вынік дасягнуты. Гэтыя высокія ўзнагароды сталі матывацыяй для нашых вучаніц у скарэнні наступных творчых вяршынь. І мы ўжо працуем над новай праграмай».
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Нэлі ЖАВАРАНКАВАЙ.
Апублікавана ў №24 ад 30.03.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *