Які лёс чакае Обальскую бальніцу?

Здоровье Общество

Ахова здароўя не будзе на задворках

На мінулым тыдні ў Обальскім Доме культуры адбыўся сход, на якім вялася гаворка на важную для ўсіх абальчан тэму – ахову здароўя і лёс Обальскай бальніцы, таму прыйшло многа жыхароў гарадскога пасёлка. На сустрэчу прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, галоўны ўрач райбальніцы Святлана Лінкевіч і в. а. старшыні Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў.

– Вядома, улады зацікаўлены ў розных сацыяльных дабротах для жыхароў раёна. Але ж час не стаіць на месцы. Мяняецца жыццё, яго ўмовы, колькасць лю-дзей. У вобласці і ў краіне ў цэлым характэрны значныя змены, але ж гэта не значыць, што людзям ад іх стане горш, – адзначыла Ірына Шалахава. Яна прывяла прыклад мясцовай школы мастацтваў, якая зараз знаходзіцца ў будынку агульнаадукацыйнай школы, і дзеці ад такога перасялення толькі выйгралі. Паўстала пытанне і пра рэарганізацыю Обальскай бальніцы. Разглядаецца пытанне пераносу сацыяльных ложкаў у Мікалаеўскую бальніцу сястрынскага догляду, каб у Обалі засталася толькі ўрачэбная амбулаторыя.
Гэтая навіна мясцовымі жыхарамі была ўспрынята негатыўна. Некаторыя вырашылі, што змяненні пагоршаць медабслугоўванне, а многія медыкі застануцца без работы. Ірына Іванаўна запэўніла, што кожнаму работніку будзе прадастаўлена месца ў адпаведнасці з яго кваліфікацыяй, а якасць медыцынскай дапамогі не зменіцца.
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч падкрэсліла, што ўсе медыцынскія паслугі ў Обалі застаюцца. Як і раней, тут будзе сем ложкаў дзённага стацыянару, фізіялагічны, стаматалагічны, акушэрскі і іншыя кабінеты. Тут застануцца працаваць урачы агульнай практыкі, медсёстры. Ну, а калі трэба звярнуцца да вузкіх спецыялістаў – калі ласка, у райбальніцу. Там з 88 стацыянарных ложкаў занята толькі палова, ніякай чаргі на стацыянарнае лячэнне няма.
Карыстаючыся выпадкам, абальчане задавалі галоўнаму ўрачу ЦРБ іншыя пытанні. Адно з іх тычылася аптымізацыі «хуткай дапамогі». Святлана Лінкевіч патлумачыла, што пакуль гэта толькі праект Міністэрства аховы здароўя, ніякіх рашэнняў няма. Нават калі будзе аптымізацыя, то ў рабоце шумілінскіх медыкаў практычна нічога не зменіцца: аўтамабілі «хуткай дапамогі» па-ранейшаму будуць знаходзіцца ў Шуміліне і Обалі, людзі застануцца працаваць.
Абальчане расказвалі пра іншыя набалелыя праблемы, задавалі пытанні, многія з якіх будуць вырашаны ў бліжэйшы час.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №26 ад 06.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *