Виктория Шедько из Шумилино вышла в победители республиканской олимпиады

Главное Молодёжь Образование

Алімпіяда Вікторыі Шэдзько

На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Руская мова» і «Руская літаратура» вучаніца 9 «Б» класа СШ №1 г. п. Шуміліна Вікторыя Шэдзько атрымала дыплом трэцяй ступені.


Дакумент, пацвярджаючы талент, старанне і якасць адукацыі, ляжыць на стале паміж імі – Вікторыяй Шэдзько і яе настаўніцай Наталляй Станіславаўнай Інц – як плод агульнай працы і заслужаная ўзнагарода абедзвюм.
– Вялікімі намаганнямі далася гэта перамога?
– А ведаеце, ніякіх надзвычайных намаганняў не было, – адказвае Наталля Станіславаўна. – Вікторыя з тых вучняў, якіх можна назваць падарункам настаўніку. Яна старанная і сур’ёзная, вучыцца не для добрай адзнакі, а каб дасканала авалодаць прадметам, спасцігнуць усе яго тонкасці. Працаваць з такімі дзецьмі – задавальненне. Яшчэ ў пачатковых класах гэтыя якасці вучаніцы заўважыла яе першая настаўніца Ірына Леанідаўна Саўчанка, з якой вучыліся пісаць навуковыя работы, – сціпла дадае Н. С. Інц.
Сама ж Наталля Станіславаўна, як мы ведаем, умее зацікавіць вучня, патрымаць і прымусіць паверыць ва ўласныя сілы, не баяцца. А гэта вельмі важна.
– У мінулым годзе Наталля Станіславаўна накіравала васьмікласніцу Віку выступаць за дзявяты клас, і дзяўчынка паказала высокі вынік, гэта была як бы рэпетыцыя, прыступка да сённяшняга поспеху, – заўважае дырэктар СШ №1 Наталля Васільеўна Мясаедава.
У школе ва ўсю шыр ідзе рамонт, кабінет дырэктара аказаўся той гаванню, дзе мы можам спакойна пагутарыць і дзе Вікторыя расказвае пра свае дарослыя планы: пра намер стаць лінгвістам, прафесійна вывучаць англійскую мову, якая дае свабоду зносін у сучасным свеце і адкрывае перспектывы ў сферы дыпламатыі, турызму і многіх іншых.
Сёлета Вікторыя выступала за 10 клас па англійскай мове ў раённай алімпіядзе і паказала лепшы вынік, а па рускай мове стала лепшай у вобласці. На рэспубліцы, як бачым, яна таксама паказала вельмі годныя веды.
– Калі б гэта быў 11 клас, Вікторыя атрымала б 100 балаў па рускай мове па ЦТ і прэферэнцыі пры паступленні на адпаведны факультэт, – заўважае Наталля Станіславаўна. І дадае, што дырэкцыя школы ўсяляк садзейнічала падрыхтоўцы юнага моваведа, нават дазволіла дзяўчынцы перад рэспубліканскім этапам два тыдні свабоднага наведвання, што дапамагло больш часу прысвяціць рускай мове і літаратуры.
– А якое творчае заданне было на рэспубліканскім этапе?
– Трэба было напісаць водгук на твор Навума Каржавіна «Лёгкасць», – з усмешкай адказвае Віка.
– Складанасць у тым, – дадае настаўніца, – што гэта не праграмны твор, і мы ніколі не ведаем, якім будзе заданне, нават які літаратурны перыяд будзе абраны, у тым і складанасць і радасць поспеху. І па водгуку, дарэчы, у Вікторыі другое месца ў рэспубліцы.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №27 ад 09.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *