Какие цветы украсят Шумилино этим летом?

Дажынкі-2021 у Шуміліне Общество

Якія кветкі расцвітуць у Шуміліне?

На вуліцы Ленінскай будуць цвісці браткі (анютины глазки), на Луначарскага – львіны зеў, на Кароткіна і Сіпко – петуніі. Чым яшчэ будуць здзіўляць камунгасаўскія кветкаводы жыхароў і гасцей Шуміліна?

Таццяна Маслюкова (справа) і яе памочніца Наталля Пастарнакова

Вялікая частка будучай прыгажосці туліцца зараз у падвальных памяшканнях інтэрната па вуліцы Луначарскага. Па-праўдзе сказаць, такая салідная арганізацыя, як Шумілінскае УП ЖКГ, магла б сабе дазволіць мець прасторную цяпліцу з ацяпленнем для вырошчвання дзясяткаў тысяч кветак, якія летам аздабляюць наш гарадок, а то неяк прама няёмка ісці па тых паўзмрочных лесвіцах і калідорчыках да прыстасаваных для расады пакояў.
Майстар па добраўпарадкаванні камунгасу Вераніка Багданава суправаджае ў гэтым падарожжы. У адным з памяшканняў застаём за работай галоўнага кветкавода раёна Таццяну Маслюкову і яе памочніцу Наталлю Пастарнакову. Жанчыны высяваюць ільвіны зеў. Расправіўшы спіны, ідуць паказваць сваю кветкавую гаспадарку, якая займае некалькі падвальных памяшканняў. Асноўная частка кветак ужо пікіравана і набірае сілу. Бачым падрастаючыя сальвію, алісум, лабелію…
Колькі ж тут кветак? Таццяна Маслюкова называе ўражваючыя лічбы: 2500 шт. сальвіі, 800 шт. сартавой (чырвонай, ружовай, пурпурнай, сіняй, бургунд) і 1500 «сваёй» петуніі, 500 шт. лабеліі ампельнай, 800 шт. гацаніі, 1000 шт. цынерарыі, 1800 шт. ружовага, фіялетавага і белага алісуму, 800 шт. браткоў, 1000 шт. белых, сініх і чырвоных астраў, 2000 шт. рознакаляровага львінага зеву. Плюс аксаміткі (бархатцы) – іх хутка будуць высяваць у цяпліцы, што каля камунгасу.
І заўважце, уся работа па высяванні і пікіроўцы кветак, перамяшчэнні касет і кантэйнераў з раслінамі ляжыць на руках дзвюх жанчын! А вы паспрабуйце пікіраваць танюсенькія лабеліі – гэта вам не перцы і не памідоры. Тут патрэбна асаблівае цярпенне і ўменне.
Самыя прыгожыя кветкі ўпрыгожаць цэнтр горада, кажуць спецыялісты. Так, сартавая петунія і алісум размесцяцца на вуліцах Кароткіна і Сіпко; на вуліцы Луначарскага будзе расці львіны зеў, сальвія і астры; на Ленінскай – браткі.
Трэба сказаць, што раённыя азеляніцелі шмат зрабілі па восені: аформілі сем хвойных кампазіцый – яны знайшлі месца на вуліцах Вакзальнай, Ленінскай (дзве кампазіцыйныя групы), Суворава, Юбілейнай, Луначарскага, у мікрараёне СШ №2. На вуліцы Угнявёнка высадзілі карлікавыя вербы і барбарысы, на Юбілейнай – карлікавыя бярозы. Плантацыі цюльпанаў растуць па Юбілейнай (каля «Каравана»), 70 год БССР, каля Дома культуры, дзіцячага сада №1.
І сэрца баліць у азеляніцеляў, калі яны бачаць, што нечыя неразумныя рукі зламалі дрэўцы бяроз, выкапалі саджанцы хвойнікаў і цыбуліны цюльпанаў…
Вось і атрымліваецца, што адны вырошчваюць, а другія нішчаць. Хаця, здавалася б, жывём у XXI стагоддзі, у цывілізаваным грамадстве, а бач ты, не да ўсіх цывілізацыя дайшла.
Гэта абурае ўсіх нармальных людзей, якія хочуць бачыць свой горад прыгожым і ведаюць, колькі сіл і грошай каштуе гэтая прыгажосць. Да слова, адзін саджанец карлікавай бярозы, якую зламаў нейкі злыдзень, каштаваў па восені 80 рублёў.
А наогул трэба сказаць, што і ў Шуміліне, і ва ўсім нашым раёне з кожным годам становіцца больш дагледжаных кветнікаў і газонаў, дэкаратыўных хвойнікаў і кустоў, ёсць проста ўзорныя тэрыторыі, і ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што прыгажосць у рэшце выратуе свет.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №27 ад 09.04.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *