Лепшы клуб у СШ № 1

Безопасность Новости Образование

Лепшы клуб у СШ № 1

У Шуміліне на базе пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №1 г. п. Шуміліна і Шумілінскай СШ №2 прайшоў штогадовы раённы злёт клубаў юных ратавальнікаў-пажарных. За званне лепшых спаборнічалі 6 каманд з шумілінскіх СШ №1 і СШ №2, Обальскай, Мікіціхінскай, Кардонскай сярэдніх школ і раённай гімназіі.


Творчы нумар каманды-пераможцы – клуба юных ратавальнікаў-пажарных Шумілінскай СШ № 1.

Мерапрыемства пачалося з агульнага пастраення і ўрачыстага адкрыцця на базе пажарнай часці. Першым іспытам для юных ратавальнікаў стаў традыцыйны конкурс «Агляд строю», падчас якога падлеткі дэманстравалі сваю страявую падрыхтоўку і ўменне пры гэтым выконваць страявыя песні.

У інтэлектуальным конкурсе-тэсце «Знатакі» ўдзельнікам трэба было адказаць на працягу 20 хвілін на 30 пытанняў, звязаных з асновамі бяспекі жыццядзейнасці.

Конкурс «НС тэхнагеннага характару» прадугледжваў дэманстрацыю ўменняў у пажарнай справе, хуткасці і спрыту ў апрананні касцюмаў хімічнай абароны. Абавязковы ў праграме злёту – конкурс аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым, дзе трэба было дзейнічаць дакладна і граматна – выратавальнікі проста абавязаны гэта ўмець рабіць своечасова і правільна.
За ўсімі этапамі сачыла журы, кантралявала кожны крок юных ратавальнікаў.
Заключная частка злёту праходзіла ў актавай зале Шумілінскай СШ №2, дзе юныя ратавальнікі-пажарныя змаглі прадэманстраваць свае акцёрскія здольнасці і сваё бачанне бяспечнага ладу жыцця. Кожная каманда прадставіла яркі і творчы нумар, які раскрываў дзейнасць маладзёжнай арганізацыі па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці. Песні, танцы, жарты – усяму было месца на сцэне. У тым ліку добраму настрою і сур’ёзным правілам бяспечнага жыцця.
Урэшце, журы было гатова падвесці фінішную рысу. Так, па выніках усіх конкурсаў лепшым стаў клуб юных ратавальнікаў-пажарных Шумілінскай СШ №1, другое месца заняла каманда Обальскай СШ, трэцяе – юныя пажарныя з Мікіціхінскай СШ.
Журы адзначыла і лепшага камандзіра – ім стала Шчукіна Ксенія з Мікіціхінскай школы.
Віншуем каманду Шумілінскай СШ №1 з перамогай і жадаем ёй удачы на занальным туры абласнога конкурсу.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №31 ад 23.04.2021 г.

P. S. 22 красавіка клуб юных ратавальнікаў-пажарных Шумілінскай СШ №1 прыняў удзел у занальным туры абласнога злёту, які прайшоў у Полацку. Па выніках усіх конкурсаў шумілінцы занялі выніковае чацвёртае месца з 8-мі каманд. А вось у творчым конкурсе, які раскрываў дзейнасць маладзёжнай арганізацыі па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці, нашым не было роўных.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *