Волонтёры районной организации Красного креста помогли исполниться детским мечтам

Общество

Каб збываліся дзіцячыя мары
Валанцёры Чырвонага Крыжа перад новым годам праводзілі акцыю “Ёлка жаданняў” для збору падарункаў дзецям прытулку. У цэнтральным універсаме ўстанавілі стэнд з фотаздымкамі дзетак, скарбонку для збору ахвяраванняў,  побач размясцілі інфармацыю. Ішлі дні, да новага года заставалася ўсё менш часу, а жадаючых дапамагчы былі адзінкі. Не дапамагалі заметкі ў раённай газеце, выступленні на радыё, распаўсюджванне лістовак на вуліцах і ў магазінах.
Першы падарунак мы атрымалі ад пажылога мужчыны (яго ўнука завуць гэтак жа, як і хлопчыка з прытулку). Потым падарунак прынёс мужчына, які сам вырас у дзіцячым доме, мнагадзетная мама, у якой сваіх чацвёра дзяцей (яна купіла падарункі чатыром дзецям), маладая дзяўчына і калектыў магазіна. Прыйшлося звярнуцца за дапамогай праз інтэрнэт да знаёмых і незнаёмых людзей: вельмі хацелася, каб дзеці верылі ў казку.
Не перадаць словамі радасць дзяцей, якія ўбачылі раніцай 31 снежня пад ёлкай усё, што яны прасілі ў Дзеда Мароза. А як былі рады мы, хто ад усёй душы жадаў падарыць дзецям маленькае шчасце. Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто не прайшоў міма нашай “ёлкі жаданняў”. Мы ўдзячны “САВ-буду”, райбыткамбінату, усім, хто адгукнуўся праз інтэрнэт, хто жыве далёка ад Шуміліна, але даслалі цацкі, альбом для малявання, фарбы, прысмакі. Дзетак Обальскага прытулку мы змаглі парадаваць не толькі на Новы год, але і на Ражаство.
І дзеці не засталіся ў баку ад навагодніх спраў. У меру сваіх сіл і магчымасцяў яны разам з выхавальнікамі падрыхтавалі імянныя паштоўкі для састарэлых людзей, якія жывуць у Обальскай бальніцы. Такія ж віншаванні ад валанцёраў Чырвонага Крыжа Мішневіцкай школы атрымалі пажылыя людзі з бальніцы сястрынскага догляду, а пацыентаў Мікалаёўскай бальніцы віншавалі інваліды аддзялення рэабілітацыі Тэрытарыяльнага цэнтра.
Вось так, як кажа народная мудрасць: нітка да ніткі – беднаму сарочка.
В. ЧЫЖЫКАВА, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Надрукавана ў №8 ад 27.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *