Знайсці ісціну дапаможа эксперт

Общество

Знайсці ісціну дапаможа эксперт

Шумілінскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз дзейнічае ў Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах. У складзе аддзела дзейнічаюць экспертна-крыміналістычны сектар і сектар судова-медыцынскіх экспертыз.

З дня ўтварэння (2013 год) аддзел узначальваў Руслан Анатольевіч Марцінкевіч. З сакавіка бягучага года аддзелам кіруе Яўген Ігаравіч Бікчурын.
– Яўген Ігаравіч, раскажыце, чым займаецца аддзел?
– Наш аддзел выконвае шэраг крыміналістычных і судова-медыцынскіх экспертыз і даследаванняў, чым аказвае істотную дапамогу следчым і супрацоўнікам міліцыі ў раскрыцці злачынстваў. Эксперты-крыміналісты выяўляюць, фіксуюць і адбіраюць сляды рук, транспартных сродкаў, абутку, паху, сляды біялагічнага характару і многае іншае. І чым хутчэй і дакладней яны гэта выканаюць, зробяць правільныя вывады, тым менш шанцаў у злачынцы застацца невядомым.
– Раскажыце, як работа эксперта дазволіла ўстанавіць вінаватых асоб?
– Станоўчых прыкладаў у раскрыцці злачынстваў дастаткова. Прывяду свежы прыклад. У красавіку ў Шумілінскі РАУС звярнуўся жыхар Шуміліна, які паведаміў, што невядомыя асобы праніклі ў яго дачны дом у Мосараве. На месцы здарэння экспертамі былі выяўлены сляды абутку і след пратэктара шыны транспартнага сродку. У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што крадзеж з дачнага доміка здзейснілі мясцовыя жыхары. Падазроныя асобы затрыманы, узбуджана крымінальная справа.
– Якія віды даследаванняў выконвае ваш аддзел, з чым жыхары нашага раёна могуць да вас звярнуцца?
– Аддзел на платнай аснове выконвае дактыласкапічныя, трасалагічныя і судова-медыцынскія экспертызы. Акрамя таго, эксперты абласнога ўпраўлення выконваюць шэраг экспертыз, якія сталі запатрабаванымі ў апошні час. Напрыклад, экспертыза сваяцтва або, іншымі словамі «ўстанаўленне бацькоўства», у тым ліку і на ананімнай аснове.
Нярэдка перад правядзеннем здзелкі з нерухомасцю людзі звяртаюцца за правядзеннем псіхіятрычнай экспертызы, каб устанавіць здзелкамагчымасць прадаўца перад афармленнем здзелкі куплі-продажу дома, кватэры, дарэння і г.д. Пры наяўнасці заключэння эксперта ўжо ніхто не зможа аспрэчыць заключаную здзелку.
Даследаванне спецыялістаў можа спатрэбіцца пакупніку перад заключэннем здзелкі куплі-продажу транспартнага сродку, каб засцерагчы сябе і не купіць аўтамабіль з перабітым або пашкоджаным VIN-нумарам.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №34 ад 04.05.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *