Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Бароны
У РАУС звярнуўся жыхар в. Забор’е Мікалаеўскага сельсавета, які расказаў, што з ягонага ўчастка ля дома зніклі бароны, фрэзы і іншыя прычапныя вузлы і агрэгаты сельскагаспадарчай тэхнікі. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку па гарачых слядах знайшлі злачынцаў. Імі аказаліся трое мужчын – з Грудзінава, Віцебска і Обалі. Супраць іх узбуджана крымінальная справа. Частка ўкрадзенага канфіскавана і будзе вернута гаспадару.
Партаманет
У ходзе расследавання крымінальнай справы наконт таго, што жыхарка в. Ізгародзішча зняла грошы з банкаўскай карткі свайго сужыцеля, супрацоўнікам крымінальнага вышуку стала вядома яшчэ адно злачынства. Як высветлілася, пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў гэта ж жанчына выцягнула з кішэні незнаёмага мужчыны (калі той заснуў) партаманет, дзе знаходзілася 63 рублі. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.
На дачах
Пацярпеў жыхар Полацка – яго дачны дом і лазню ў в. Ваўчкі Обальскага сельсавета абрабавалі. Прапалі бітоны, тазы, сякера. Супрацоўнікі РАУС знайшлі махляроў, ім аказаліся двое жыхароў Обалі.
Жыхар Віцебска, які прыехаў на дачу ў Шуміліна, убачыў, што там разбіта аконнае шкло. З дома прапалі каністра з бензінам, электрарухавікі, алюмініевы шклопакет, асабістыя рэчы гаспадара. Урон ацэнены больш як на дзве тысячы рублёў. Злачынцу, які вышукваецца, пагражае пазбаўленне волі да чатырох гадоў.

Са зводак ДАІ
Нецвярозы
На аўтадарозе Віцебск-Сіроціна супрацоўнікі ДАІ спынілі жыхара Віцебска, які ў стане алкагольнага ап’янення (0,8 праміле) кіраваў аўтамабілем «Лада». Складзены адміністрацыйны пратакол. Парушальніку пагражае штраф памерам у 100 БВ і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на тры гады.
Бакавы інтэрвал
Мінчанін ехаў на «Мерседэсе» па аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень і пры сустрэчным раз’ездзе не захаваў бакавы інтэрвал з аўтамабілем «Фіят» (ім кіраваў таксама жыхар сталіцы). У выніку аўтамабілі сутыкнуліся, а на дарозе была створана аварыйная абстаноўка. Віноўніку ДТЗ пагражае штраф ад 5 да 20 БВ з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі або без пазбаўлення.
Задні ход
У Башнях адбылося ДТЗ. Жыхар райцэнтра, які быў за рулём УАЗа, пры руху заднім ходам не ўпэўніўся ў бяспецы і наехаў на прыпаркаваны «Мерседэс», які належаў жыхару Віцебскага раёна. Парушальніку пагражае штраф ад 5 да 20 БВ з пазбаўленнем правоў кіравання да двух гадоў ці без пазбаўлення.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №34 ад 04.05.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *