Да 90-годдзя «Герой працы»: старонкі з гісторыі раённай газеты

Общество

Да 90-годдзя «Герой працы»

На сходзе ў райвыканкаме ў першым радзе работнікі рэдакцыі: Ларыса Дамарацкая, Валянціна Шнявіна, Галіна Шкулава, Таццяна Касуха, Лідзія Паскіна.

1966 год. Год аднаўлення раёнкі
24 студзеня 1932 года выйшаў першы нумар газеты «Ленінскі шлях» Сіроцінскага райкама КПБ і райвыканкама. Пазней назва газеты змянялася: называлася «Сталінскі сцяг», «Запаветы Ільіча». У 1962 годзе Сіроцінскі раён быў ліквідаваны і газета не выдавалася. І толькі ў 1966 го-дзе, калі раён быў адноўлены як Шумілінскі, была створана рэдакцыя раённай газеты, якая стала называцца «Герой працы». Да 90-годдзя раённай газеты, якое выданне адзначыць у студзені 2022 года, мы згадаем старонкі яе гісторыі, журналістаў і работнікаў, якія стваралі газету.

«Рэдактар, калі прыедзеш? Чакаем»
Калі ў 1966 годзе было прынята рашэнне аб аднаўленні раёна, пачалося стварэнне і раённых арганізацый, у тым ліку і рэдакцыі раённай газеты.

Эдуард Дамарацкі (фота 60-х гадоў).

Рэдактарам газеты ў Шумілінскі раён быў накіраваны намеснік рэдактара з Талачына Эдуард Мікалаевіч Дамарацкі. Тры разы ён ездзіў у абкам партыі, пакуль не даў дабро на сваё прызначэнне. Прыехаў у Шуміліна не адразу, а толькі пасля тэлеграмы першага сакратара райкама партыі Васіля Георгіевіча Храмцова: «Рэдактар, калі прыедзеш? Чакаем». І маладая сям’я Дамарацкіх (Эдуард Мікалаевіч на той час толькі ўзяў шлюб з Ларысай Аляксандраўнай) склала свае несамавітыя пажыткі ў «Масквіч» і накіравалася ў Шуміліна.
Чаму пасаду рэдактара прапанавалі Эдуарду Дамарацкаму? Таму што добры журналіст, меў вопыт работы. Такі ў Шуміліне і патрэбен быў – актыўны, ініцыятыўны, бо рэдакцыю трэба было ствараць з нуля.
«Калі прыехалі ў Шуміліна, то, прызнацца, чакалі тут больш цывілізацыі – замест гэтага ўбачылі каменную дарогу, каля друкарні быў малады яблыневы сад з прыгожымі лаўкамі, – згадвае Ларыса Аляксандраўна Дамарацкая, былая машыністка рэдакцыі. – Прычым, абкошваць гэты сад абсалютна бясплатна прыходзіў мясцовы пажылы чалавек, які трымаў коз – такім чынам ён нарыхтоўваў сена для жывёлы. За будынкам знаходзілася гаспадарчая пабудова для дроў (памяшканне ацяплялася грубкамі). Загадчыца друкарні Васіліса Мяркур’еўна Шніпава адкрыла нам пакой, дзе мы часова і пасяліліся, дапамагла перанесці з машыны рэчы.
Васіліса Шніпава на той час сябравала з сям’ёй старшыні райвыканкама Петрачэнкі, яна аднойчы і прывяла яго да нас у пакой. Той паглядзеў на ўмовы жылля рэдактара і паабяцаў выдзеліць кватэру непадалёк ад рэдакцыі».
І слова сваё стрымаў – неўзабаве маладая сям’я справіла наваселле ў двухпакаёвай кватэры.
Перш-наперш Дамарацкія набылі халадзільнік «Саратаў», які тады каштаваў 160 рублёў – гэта быў месячны заробак рэдактара. Крыху меншы заробак быў у карэспандэнтаў. А машыністка атрымлівала ўсяго 50 рублёў за месяц, згадвае Ларыса Дамарацкая.

Чаму «Герой працы»?
У 1966 годзе, калі ў рэдакцыі вялася падрыхтоўка да выпуску першага нумара газеты, абмяркоўвалася і назва. Разглядалі многа варыянтаў. У выніку зацвердзілі прапанову Эдуарда Дамарацкага – «Герой працы». Довады былі абгрунтаваныя, бо герояў працы хапала ў Шумілінскім раёне – у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, розных арганізацыях.
«Першы нумар газеты “Герой працы” выйшаў у пачатку студзеня 1967 года, – згадвае Ларыса Дамарацкая. – Газета была чорна-белая, чатырохпалосная, выходзіла тры разы на тыдзень – па аўторках, чацвяргах і суботах. Тыраж быў каля шасці тысяч экзэмпляраў. Каштавала газета каля чатырох рублёў на год. Наогул перыядычныя выданні каштавалі нядорага, таму газет і часопісаў кожная сям’я выпісвала многа».
Былы карэктар і сакратар-машыністка Валянціна Шнявіна ўспамінае: «У 60-ыя гады ў раённай газеце, як і сёння, пісалі пра жыццё Шуміліншчыны, пра перадавікоў, калгасы і саўгасы, розныя прадпрыемствы, перадавыя тэхналогіі. Часта журналістам прапаноўвалі рэйды работнікі санстанцыі, міліцыі і іншых структур. Пісалі выключна на беларускай мове. Паеду, бывала, па рабочых пытаннях у калгасную бухгалтэрыю, а журналісты заўсёды просяць узяць заадно якія-небудзь сельскагаспадарчыя навіны. Вось так і працавалі ў адзінай камандзе».
Першыя тры гады работнікі рэдакцыі і друкарні працавалі шэсць дзён на тыдзень, выхадны быў толькі ў нядзелю. І толькі ў пачатку 70-х гадоў выйшла пастанова аб пераходзе на пяці-дзённы рабочы тыдзень. Эдуард Дамарацкі сабраў калектыў, скарэкціравалі рабочыя планы. Рэдакцыя «Герой працы» адна з першых у вобласці перайшла на пяцідзёнку. Шумілінскі рэдактар нават дзяліўся вопытам арганізацыі работы на абласных журналісцкіх нарадах.

Кадры знайшлі ў раёне
У 60-ыя гады друкарня займала два кабінеты, столькі ж – рэдакцыя. Спачатку Эдуард Мікалаевіч працаваў адзін. Потым прыслалі намесніка рэдактара – Аляксандра Яўгенавіча Бараноўскага з Расон, карэспандэнта – Міколу Воранава з Бешанковіч. Першым фотакарэспандэнтам рэдакцыі стаў Алег Когаль з Віцебска, адказным сакратаром – Аляксей Мужаў з Сянно, бухгалтар знайшоўся ў Шуміліне – Галіна Шкулава.
Рэдактар пераманіў у рэдакцыю Піліпа Курбацкага з Мішневіцкага лясніцтва, які часта дасылаў допісы ў раённую газету. Васіліса Шніпава параіла ўзяць у штат загадчыкам аддзела пісьмаў настаўніка Уладзіміра Нарушэвіча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які пісаў цікавыя артыкулы пра франтавікоў і партызан, а таксама цудоўныя вершы.
Талковыя артыкулы ў газету прыносіў аграном Павел Несцяронак. Ён некаторы час працаваў інструктарам райкама партыі, і Эдуард Дамарацкі «выпрасіў» Паўла ў кіраўніцтва раёна для рэдакцыі. Просьбу задаволілі, і Павел Несцяронак вывучаў перадавы сельскагаспадарчы вопыт, рыхтаваў для газеты артыкулы пра вырошчванне лёну, зерневых.
Пазней карэспандэнтам у рэдакцыю прыйшоў Анатоль Бруцкі, настаўнік Обальскай школы (пазней ён стаў рэдактарам). Потым Анатоль Бруцкі закончыў партыйную школу ў Мінску і быў запрошаны на работу ў абкам партыі.
За год-два работы Эдуард Мікалаевіч добра вывучыў раён, трымаў сувязь з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Да яго не баяліся ісці людзі з ідэямі і прапановамі. Прапаноўвалі і кандыдатаў на работу. Так, ветэран вайны Наталля Герман прывяла свайго сына Уладзіміра Батакова, які адслужыў тэрміновую ваенную службу. І з яго атрымаўся добры фотакарэспандэнт і журналіст, а потым і рэдактар.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №34 ад 04.05.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *