В Шумилино прошёл областной конкурс мастеров резьбы по дереву «Лесная магия»

Главное Новости

Лясную магію нараджаюць умелыя рукі і фантазія

14-15 мая ў Шуміліне прайшоў першы абласны конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве «Лясная магія». Ініцыятарам конкурсу выступіла Віцебскае дзяржаўнае лесагаспадарчае аб’яднанне, арганізатарам – Шумілінскі лясгас.


Практычна за суткі 11 разьбяроў-аматараў з лясгасаў вобласці ў рэжыме анлайн у самым цэнтры Шуміліна прадэманстравалі, як ўмелыя рукі і фантазія могуць зрабіць са звычайнага дрэва неверагодныя і ўнікальныя рэчы.

Скульптуры ў выніку застануцца ў нас як падарунак ад арганізатараў конкурсу да маючых адбыцца восенню абласных «Дажынак». Філін, жар-птушкі, сава, дух лесу, мядзведзяня, страказа, горны арол, кветкавае дрэва і Дрыяда ўпрыгожаць цэнтральны гарадскі парк, які таксама да «Дажынак» зменіць выгляд.
А наогул, па словах генеральнага дырэктара Віцебскага ДЛГА Юрыя Заблоцкага, абласны конкурс-пленэр плануецца надалей праводзіць у гарадах, дзе будуць ладзіцца абласныя «Дажынкі». Так што, Глыбокае, чакай!
Пасля ўрачыстага адкрыцця конкурсу, віншаванняў і пажаданняў творчасці, удачы і натхнення ад прадстаўнікоў раённай улады і арганізатараў пленэра закіпела работа, загулі бензапілы…
Конкурс праходзіў у два туры. Першы тур быў завочны, на яго трэба было прадставіць работу, выкананую дома. Работы былі выстаўлены на сцэне. Практычна кожны майстар выбраў для работы асіну, з якой, па іх словах, лягчэй працаваць, яна больш падатлівая. І толькі адзін майстар з Ушацкага лясгаса запрасіў сасну і пераўвасобіў яе ў арыгінальную страказу, якая ўселася на незвычайную кветку.

Другое месца прысуджана Васілю Багаценку з Полацкага лясгаса

Цікава было сачыць, як спрытна ў руках майстроў працавалі пілы і шліф-машыны, пасля чаго ў ход пайшлі стамескі і іншы інструмент-рыштунак, як на вачах самае звычайнае дрэва пераўвасаблялася ў твор мастацтва. І было бачна, што майстры-аматары любяць працаваць з драўнінай, адчуваюць яе.
Журы было складана выбіраць пераможцаў, бо кожная работа атрымалася па-свойму цікавай і незвычайнай. Акрамя тэхнічнага выканання кожны майстар уклаў у выраб часцінку душы, надзяліў яго сваім асаблівым бачаннем навакольнага свету і прыгожага. Пераможцы былі абраны шляхам суміравання балаў па выніках двух тураў. Самы высокі бал атрымаўся ў Аляксандра Сіпко з Шумілінскага лясгаса.

Некалькі слоў пра пераможцу
Аляксандр Сіпко працуе ў лясгасе станочнікам трэці год. Спецыяльнай адукацыі па рабоце з дрэвам не мае, але дэманструе прыродны талент і фантазію. Тэхніку выканання яго конкурснай работы «Філін у абароне» высока ацаніў і майстар-выкладчык з 30-гадовым стажам Вадзім Хадасевіч з Віцебскага тэхналагічнага каледжа, які быў за-прошаны прыняць удзел у мерапрыемстве ў якасці незалежнага эксперта. Да слова, помніце драўляныя скульптуры «Тры асілкі», якія да нядаўняга часу знаходзіліся ў парку, а зараз прапісаліся ў Верхнім горадзе? А «Машу і Мядзведзя»? Гэта справа залатых рук Аляксандра Сіпко. Так што перамога заслужаная!

Другое месца прысуджана Васілю Багаценку з Полацкага лясгаса, трэцяе – маладому ўдзельніку Мікіце Яцкевічу з Бягомльскага лясгаса. Дарэчы, хлопцу крыху не хапіла часу, каб рэалізаваць у поўнай меры сваю задуму і давесці да фінішнай кропкі «Дрыяду». Спецыяльны прыз за арыгінальную тэхніку выканання – караняпластыку – атрымаў майстар з Бешанковіцкага лясгаса Аляксандр Сяркоў. Для пераможцаў конкурсу былі падрыхтаваны шыкоўныя падарункі. Кожны ўдзельнік атрымаў словы ўдзячнасці і каштоўныя падарункі за смеласць, творчасць і любоў да прыродных матэрыялаў, за жаданне дзяліцца сваім талентам з іншымі. У памяць аб Шуміліне канкурсанты павезлі дадому сувеніры Обальскага керамічнага завода.
Першы абласны конкурс-пленэр удаўся. Мерапрыемства атрымалася незвычайным, яркім і творчым. І многія выказалі ўслых думку, што можна было б паўтарыць падобны конкурс, арганізаваўшы інтэрактыўную пляцоўку на «Дажынках». У нас у раёне нямала майстроў па дрэве, якія ўмеюць рабіць цуды, маглі б падзяліцца талентам і ўразіць жыхароў і гасцей сваім умельствам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №37 ад 18.05.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *