В Шумилино отпраздновали День физической культуры и спорта

Новости Спорт

Мы выбіраем спорт!

Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту – свята, якое аб’ядноўвае і прафесіяналаў, і аматараў. Гэта свята прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку. І стала добрай традыцыяй святкаваць яго пераважна на спартыўных пляцоўках. Як прайшоў Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту ў Шуміліне, чытайце ў нашым рэпартажы.

Валейбольны матч на беразе Шумілінскага возера

Узнагароды лепшым
У Шумілінскай СДЮШАР прайшлі ўрачыстасці з нагоды свята. Са шчырым прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Ірына Іванаўна выказала словы падзякі ўсім, для каго спорт і фізічная культура не проста словы, а стыль жыцця: «Сваімі перамогамі вы праслаўляеце нашу родную Шуміліншчыну. У раёне шмат робіцца для падтрымкі спорту, адкрываюцца новыя спартыўныя аб’екты. Але, паверце, без вас, трэнераў, настаўнікаў фізічнай культуры і проста аматараў актыўнага адпачынку, без вашых уменняў яны так і застануцца спартыўнымі аб’ектамі. Нам усім пашанцавала, што ў нашым шумілінскім спорце працуюць такія самаадданыя і шчырыя спецыялісты». За шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту Ірына Іванаўна ўручыла Падзякі старшыні райвыканкама метадысту раённага вучэбна-метадычнага кабінета А. У. Караленка, інструктару-метадысту фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы фізкультурна-аздараўленчага цэнтра І. Г. Прасветавай і трэнеру-выкладчыку Шумілінскай СДЮШАР Л. В. Бабовай.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емельянаў уручыў падарунак работніку СДЮШАР Тамары Галуза. Граматы сваім лепшым работнікам уручылі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова і дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Аляксей Ляснічы.

«Наша перамога – роднай спартшколе»
Які дзень фізічнай культуры і спорту без валейболу? Тым больш у нашай шумілінскай СДЮШАР, выхаванцы якой – адны з лепшых у рэспубліцы. Зразумела, што ў такі дзень валейбольным спаборніцтвам быць!
У турніры бралі ўдзел чатыры каманды – юныя спартсмены са спартыўных устаноў Шуміліна, Оршы, Глыбокага і каманды былых выхаванцаў Шумілінскай СДЮШАР. Дарэчы, за апошнюю каманду гуляў і капітан мала-дзёжнай зборнай Беларусі Антон Сушынскі.
Зразумела, што перамогу ў турніры атрымала каманда былых выхаванцаў СДЮШАР. На іх баку і гульнявы вопыт, і тактычныя раскладкі і ўменне згуляць эфектыўна ў патрэбны час. Толькі вось нельга сказаць, што іх перамогі былі лёгкімі: юныя спартсмены з іншых каманд літаральна чапляліся за кожнае ачко і кожны мяч.
– Я заўсёды з вялікім задавальненнем гуляю ў Шуміліне, – падзяліўся пасля спаборніцтваў Антон Сушынскі. – Я сапраўдным валейбалістам стаў менавіта тут, менавіта шумілінскія трэнеры адкрылі мне дарогу ў вялікі спорт. І сённяшнюю перамогу мы прысвячаем роднай спартшколе.

Сярод аднадумцаў
На беразе Шумілінскага возера прайшло спартыўнае свята «Мы выбіраем спорт», у якім удзельнічалі настаўнікі фізічнай культуры, работнікі спартыўных устаноў раёнаў, ветэраны шумілінскага спорту.
– У першую чаргу хацелася на свята сабраць аднадумцаў, – расказвае галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Дубоўскі. – Каб падчас мерапрыемства яны падзяліліся сваімі напрацоўкамі і вопытам, расказалі пра працу і, увогуле, каб яшчэ раз адчулі, што гэта – іх дзень.
Безумоўна, спартыўную частку ніхто адмяняць не збіраўся. І першым «выпрабаваннем» стала імправізаваная жартоўная паласа перашкод. Трэба было бачыць, як дарослыя мужчыны (а іх у шумілінскім спорце значна больш, чым жанчын) пераадольвалі перашкоды, прычым рабілася гэта пад уласны смех і лёгкую іронію калег. Што-што, а зарад бадзёрасці, усмешак і добрага настрою паласа перашкод дала на ўсё мерапрыемства.
Таму, відаць, амаль дзве гадзіны мерапрыемства праляцелі як адно імгненне. І многія з удзель-нікаў адзначылі, што ў гэты дзень было сапраўднае свята спорту і добрага настрою, у якім яны сталі галоўнымі героямі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №37 ад 18.05.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *