Семейное счастье. Три сыночка и лапочка-дочка Ирины и Николая Борисовых

Общество Семья

Тры сыночкі і лапачка-дочка
Як доўга цягнецца час для таго, хто праводзіць яго ўпустую, і як ён хутка ляціць для чалавека, які пастаянна заняты карыснай справай, некуды імкнецца. Кошт кожнай хвіліне добра ведаюць Ірына і Мікалай Барысавы. Дом, работа, хобі. Усё трэба паспець і нікога не абдзяліць увагай: ні адзін аднаго, ні дзяцей, якіх у сям’і чацвёра. Сустрэча з сям’ёй Барысавых, як і варта было чакаць, аказалася ўражваючай. Дом іх гасцінны, дзверы заўсёды адчынены для сяброў і знаёмых.
Ён — меліяратар, яна — маці. Ірына і Мікалай ужо 25 гадоў разам. Спачатку ў сям’і было тры сыночкі: Яўген, Юрый і Павел. Бязмежна былі шчаслівыя, калі нарадзілася дачушка Дзіяна. Любві, цеплыні і пяшчоты хапае на ўсіх. Бацькі стараюцца, каб паміж дзецьмі не было крыўды, зайздрасці і рэўнасці, каб яны дапамагалі адзін аднаму і маме з татам.
У Шуміліне хлопцаў Барысавых ведаюць як цудоўных танцораў. Усе свае школьныя гады ды і зараз, калі пайшлі ўжо на свой хлеб, яны скараюць публіку сваімі выступленнямі. Рамантычная румба, энергічнае “ча-ча-ча” і страснае танга. Характар у кожнага танца свой. Хлопцы ведаюць гэту асаблівасць, ведаюць, што танец — гэта невялікае жыццё.
У доме Барысавых шмат дыпломаў. Большасць з іх – за бальныя танцы. Цяга да танцаў перадалася і Дзіяне. Яна наведвае малодшую групу танцавальнага гуртка «Праект” пад кіраўніцтвам Наталлі Масюковай, займаецца харэаграфіяй з Кацярынай Кузьміной і ўсходнімі танцамі з Наталляй Галаўнёвай.
А яшчэ Барысавы вельмі любяць адпачываць усе разам на прыродзе. Для гэтага набылі ўсе прыстасаванні: ад палаткі да гідракасцюма. Старшы Барысаў захапляецца рыбалкай, таму ні адзін адпачынак на рацэ або возеры не абыходзіцца без шчупака ці карася.
Назіраючы за мужам і жонкай Барысавымі, прыходзіш да думкі, што ў сямейным шчасці няма ніякіх асаблівых сакрэтаў, проста трэба жыць адзін для аднаго.
Вольга ДРОЗД, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2012.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *