Знешні выгляд Шуміліна мяняецца з кожным днём

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости


Новае адзенне шумілінскіх дамоў

Больш за 600 тысяч рублёў плануецца выдаткаваць з бюджэту на бягучы рамонт 36 шматкватэрных дамоў у Шуміліне, які вядзецца ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак».

Знешні выгляд Шуміліна мяняецца з кожным днём. У новым абліччы – яркім і рознакаляровым – сустрэне райцэнтр гасцей абласнога свята «Дажынкі-2021». Пры гэтым мяняюцца не толькі грамадскія будынкі, але і шматлікія жылыя дамы, на якіх разгарнуўся бягучы і капітальны рамонт. Як паведаміў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ В. М. Пашкевіч, у Шуміліне ў 16 шматкватэрных дамах будзе зроблены капітальны рамонт, на 36 – бягучы.
«Бягучы рамонт будзе рабіцца ў дамах, якія знаходзяцца ў цэнтры пасёлка і ў «Верхнім горадзе», капітальны – на старым жылым фондзе ў мікрараёнах МСА і Брыкет, – расказвае Віктар Мікалаевіч. – У рамках бягучага рамонту на кожным доме будуць зроблены пры неабходнасці тынкоўка і апрацоўка швоў і абавязкова – афарбоўка. Кошт рамонту аднаго дома вагаецца ад 10 да 50 тысяч рублёў».
Сваімі сіламі ва УП ЖКГ разлічваюць адрамантаваць 8 дамоў, да рамонту астатніх будуць прыцягвацца іншыя арганізацыі.
На рамонт 28 дамоў у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі былі аб’яўлены конкурсы, перамовы, тэндары, у якіх са сваімі прапановамі і ўмовамі ўдзельнічалі шумілінскія, віцебскія і полацкія будаўнічыя арганізацыі.
«Пры выбары падрадчыкаў улічваўся вялікі спектр умоў, – адзначае Віктар Пашкевіч. Неабходна было выбраць аптымальныя спалучэнні кошту і якасці. Так, напрыклад, адной з нашых умоў была гарантыя на выкананыя работы на тры гады. У выніку адсеву засталіся ўсяго тры арганізацыі: шумілінскае прыватнае прадпрыемства «Венбуд» адрамантуе 18 дамоў, Шумілінскае ПМК-70 – 8 і полацкі «Джынджэргруп» – 2».
Віктар Пашкевіч падкрэсліў, што на прадпрыемстве вельмі сур’ёзна падышлі да выбару каляровай гамы дамоў. Так, на кожны мікрараён падбіралася па некалькі варыянтаў. «Наша задача была стварыць дамамі пэўны каляровы комплекс, каб ні адзін з аб’ектаў, што знаходзяцца побач, не выпадаў, – дзеліцца Віктар Мікалаевіч. – Так, напрыклад, у цэнтры абралі белыя і цёмна-шэрыя колеры. А вось фарбы на дамах каля дзіцячага садка №3 – больш яркія і сакавітыя».
На сённяшні дзень заканчваюцца рамонтныя работы дамоў №4 па вуліцы Луначарскага, дома №2 па вуліцы Вакзальная, дамоў №№78 і 82 па вуліцы Сіпко, дамоў №№ 11 і 16 па вуліцы Кароткіна. Гэты дамы ўжо пафарбаваны, нядаўна тут «узяліся» за балконы, якія будуць выкананы у адзіным стылі афармленні з металапрофілю. Ідуць работы на доме №3 па вуліцы Суворава, доме №№ 24 і 26 па вуліцы Кароткіна, доме № 54 па вуліцы Сіпко, пачаліся работы на дамах №№ 72, 74, 76 па вуліцы Сіпко.
«З кожным днём фронт работ павялічваецца, – адзначае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ. – Мы разлічваем, што большасць работ па бягучым рамонце дамоў завершыцца да 1 жніўня. Гэта робім спецыяльна, каб была магчымасць ацаніць поўную карціну новага аблічча гарадка».
Адзначым і тое, што да бягучага рамонту дамоў ва УП ЖКГ паставіліся з усёй адказнасцю. Так, выкананыя работы на пачатку будуць прымаць мясцовыя спецыялісты, пасля станоўчага заключэння якіх аб’екты прымуць работнікі кіруючай кампаніі «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка». Можна сказаць, што гэта двайная гарантыя якасці рамонту.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №39 ад 25.03.3021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *