У Віцебскім абласным цэнтры народнай творчасці свае работы прэзентавала майстар Шумілінскага Дома рамёстваў Вольга Загвоздава

Культура Новости

Па адзёжы сустракаюць

У Віцебскім абласным цэнтры народнай творчасці свае работы прэзентавала майстар Шумілінскага Дома рамёстваў Вольга Загвоздава.


Персанальная выстава майстра – вынік шматгадовай працы па вывучэнні шумілінскага рэгіянальнага касцюма.

– Адзіны артэфакт, які захаваўся з даўніх часоў і па якім можна рабіць нейкія высновы пра асаблівасці строю нашых продкаў, – армяк, што прадстаўлены ў гісторыка-краязнаўчым музеі, – звярнула ўвагу Вольга Загвоздава. – Усю астатнюю інфармацыю мы збіралі ў этнаграфічных экспедыцыях, аднаўлялі дэталі касцюма па кнігах вядомых беларускіх этнографаў. Гэта вельмі карпатлівая работа.
Шумілінскі касцюм мае некалькі накірункаў – архаічны, хрысціянскі, гарадскі, стараверскі. На выставе прадстаўлены 15 убораў. Сярод іх ёсць і сучасны варыянт – касцюм, пашыты з выкарыстаннем даўнейшых тэхналогій, але які лёгка можна ўпісаць у сённяшняе жыццё.
Шумілінскі майстар вельмі беражліва ставіцца да захавання старажытных тэхнік. Засвоіла шыццё, мярэжку, набойку, пляценне паясоў і іншыя. Пры выкананні касцюма яна інтуітыўна выкарыстала менавіта віцебскую набойку – тонкі ўзор не на блакітным, а на сінім фоне. Спецыялісты высока ацанілі працу нашай зямлячкі. Вольга плануе працягваць развівацца ў гэтым накірунку.
Акрамя касцюма на выставе прадстаўлена калекцыя жаночых галаўных убораў.
Майстры Дома рамёстваў гатовы выканаць любы шумілінскі строй пад заказ з захаваннем усіх даўнейшых тэхнік. Такая прапанова можа быць цікавай, скажам, для для арганізацыі аграэкатурызму.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №39 ад 25.03.3021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *