Артём Лось рисует в Шумилино муралы

Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости Общество

Шумілінскія муралы

Арцём Лось ля мурала «Мая краіна Беларусь».

Шуміліна істотна мяняе сваё аблічча, рыхтуючыся да абласных «Дажынак». Кардынальна мяняюць свой знешні выгляд шматпавярховыя дамы. Пафарбаваныя і абноўленыя, яны ўжо зараз радуюць вока жыхароў і гасцей нашага гарадка. Упершыню ў нашым райцэнтры з’явіліся модныя зараз мастацкія творы – муралы.


Мурал (ад іспанскага muro – «сцяна») – гэта разнавіднасць манументальнага жывапісу на габарытных будынках і іншых архітэктурных збудаваннях. Гэта маляўнічы вобраз, нанесены на вертыкальную паверхню глухіх сцен жылых дамоў ці высокай агароджы. Мурал ў нашы дні стаў папулярным відам вулічнага мастацтва, у вялікіх гарадах праводзяцца творчыя конкурсы за права распісаць сцены.
Першыя малюнкі з’явіліся на трохпавярховых жылых дамах па вуліцах Луначарскага і Вакзальнай, элементамі беларускага арнаменту ўпрыгожаны дом па вуліцы Кароткіна, 11.
– Малюнкі на дамах – гэта падарунак нашаму роднаму гораду ад прыватнай будаўнічай арганізацыі «Венбуд», – расказвае гаспадар фірмы Армен Сукіасян. – Да «Дажынак» мы зробім бягучы рамонт 14 шматкватэрных дамоў у райцэнтры. А малюнкі на дамах будуць сведчаннем таго, што гэтыя дамы зрабілі прыгожымі работнікі нашай арганізацыі.
Стварае муралы мастак Арцём Лось. «Я самавучка. З дзяцінства люблю маляваць, – расказаў Арцём. – Пісаў карціны, партрэты. Свае работы вы-кладваю ў сацыяльных сетках. Неяк Армен Сукіасян прапанаваў мне распісаць некалькі дамоў. Прызнаюся, згадзіўся не адразу, доўга вагаўся. Усё-такі маляваць для сябе – гэта адно, а для свайго горада – гэта зусім іншае. Для мяне кожны новы малюнак – гэта палёт фантазіі».
Першы мурал Арцёма Лася – стылізаваны бусел «Мая краіна Беларусь» на доме №4 па вуліцы Луначарскага. «Галоўнае – было пачаць маляваць, – усміхаецца Арцём. – Адчуваў адказнасць, усё-такі цэнтр горада. А тое, што многія прахожыя пыталіся, што там будзе намалявана, толькі падсілкоўвала творчую фантазію».
На доме №2 на вуліцы Вакзальнай Арцём стварыў два муралы – рукі, якія трымаюць сэрца ў колерах Дзяржаўнага сцяга Беларусі, і пейзаж з яблыневым цветам.
Як кажа Арцём Лось, перанесці малюнак на сцяну не так і складана, а вось прыдумаць сюжэт, які б добра выглядаў на сцяне і падабаўся большасці людзей, няпроста.
Армен Сукіасян чытачам раённай газеты па сакрэце расказаў, што неў-забаве з’явяцца ў Шуміліне яшчэ некалькі новых муралаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў № 40 ад 28.05.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *