У школах Шумілінскага раёна празвінеў апошні школьны званок

Главное Образование Общество

Расчыніліся дзверы ў вялікае жыццё

Традыцыйны апошні школьны званок далі выпускнік СШ №2 Яўген Лазука і першакласніца Вераніка Бельчанкова.

29 мая ў школах Шуміліншчыны празвінеў апошні школьны званок

– Апошні школьны званок адкрывае для вас дзверы ў вялікае жыццё, дзе вы самастойна будзеце прымаць рашэнні, будзеце несці за іх адказнасць, – сказала, звяртаючыся да дваццаці выпускнікоў 11 класа дырэктар Шумілінскай СШ №2 імя А. І. Дубасарскага Жанна Рагуновіч. – Вам засталося пераадолець тры прыступкі: здаць выпускныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне і паступіць у абраную навучальную ўстанову. Жадаю вам паспяхова з гэтым справіцца і ажыццявіць свае планы і мары.
Цёплыя пажаданні выпускнікам 9 і 11 класаў выказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова, першакласнікі, настаўнікі і бацькі. Вучні ў сваю чаргу дзякавалі за навуку, клопат, павагу і любоў сваім бацькам, педагогам школы, дарылі ім кветкі.
Традыцыйны апошні школьны званок, які сімвалічна завяршае школьнае жыццё адзінаццацікласнікаў, далі выпускнік школы Яўген Лазука і першакласніца Вераніка Бельчанкова.
Выпускнікоў чакае напружанае працоўнае лета, а для астатніх школьнікаў наперадзе тры бестурботныя месяцы канікулаў.
* * *
Сёлета Обальская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай выпускае ў дарослае жыццё 12 адзінаццацікласнікаў. Павіншаваць іх са святам – апошнім у іх жыцці школьным званком – прыйшлі бацькі, знаёмыя, сябры, суседзі. Наказы ў самастойнае жыццё выпускнікам прагучалі ад дырэктара школы Аляксандра Сачыўкі, былога дырэктара школы і маці выпускніка Іны Чарнічэнка, бацькоў, настаўнікаў, першакласнікаў. Выпускнікі абяцалі помніць школу, настаўнікаў і быць годнымі грамадзянамі краіны.
Выкананы імі школьны вальс у якасці падарунка і ўдзячнасці не пакінуў нікога раўнадушным.

Начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шумілінскім раёне Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Віцебскім раёне Жанна Бужынская ўручае сувеніры актыўным удзельнікам акцыі «Белдзяржстрах – дзецям!».

Завіталі на ўрачыстасці ў школу і шаноўныя госці. Работнікі Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Віцебскім раёне на чале з дырэктарам Аленай Волахавай прыехалі з ганаровай місіяй уручыць Обальскай СШ сертыфікат на суму 2 тысячы рублёў на паляпшэнне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі. Штогод Белдзяржстрах праводзіць рэспубліканскую акцыю «Белдзяржстрах – дзецям!», на Віцебшчыне сёлета ў яе трапіла пяць навучальных устаноў.

Вучні 1-6 класаў школы прынялі актыўны ўдзел у творчым заданні: малявалі, а таксама выраблялі падзелкі на тэму страхавання. За актыўны ўдзел яны атрымалі ад Белдзяржстраху памятныя сувеніры. Сродкі, як зазначыў дырэктар школы Аляксандр Сачыўка, пойдуць на набыццё мультымедыйнага праектара, калонак і медыцынскіх аптэчак.

Уладзіслаў Юрчанка і Вікторыя Курачова даюць апошні званок у Обальскай СШ.

Апошні званок – гэта пачатак новага этапа жыцця выпускнікоў. І няхай гэты этап будзе для нашых дарослых ужо дзяцей светлым, удалым і радасным!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №41 ад 01.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *