У Шуміліне віталі таленавітых адораных вучняў

Главное Образование Общество

«Дзякуй усім, хто ў нас верыў!»

28 мая ў Шуміліне віталі таленавітых адораных вучняў

Традыцыйная цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прадметных алімпіяд, конкурсаў, фестываляў мастацкага майстэрства, спартыўных спаборніцтваў прайшла ў райвыканкаме. З дзецьмі, іх педагогамі і бацькамі сустрэўся старшыня райвыканкама Віктар Гутараў.


– Сёння краіне патрэбныя такія як вы – таленавітыя, працаздольныя, мэтанакіраваныя, патрэбныя вашы рукі, ваш свежы розум, – звярнуўся да падрастаючага пакалення Віктар Сяргеевіч. – Вядома, нам хочацца, каб, атрымаўшы прафесію, вы вярнуліся на сваю малую радзіму. Для кожнага тут знойдзецца месца. Вы бачыце, як сёння мяняецца да лепшага Шуміліна.
Мы рыхтуемся да «Дажынак», і каля 20 мільёнаў рублёў будзе ўкладзена ў будаўніцтва і мадэрнізацыю аб’ектаў, пачынаючы з СШ № 1, раённага цэнтра культуры і заканчваючы добраўпарадкаваннем вуліц і паркаў. Усё, што мы робім, мы робім для вас. Вы – будучае краіны.
Віктар Гутараў адзначыў, што раённыя ўлады гатовы падтрымліваць таленавітых дзяцей ва ўсіх пачынаннях, заклікаў звяртацца з просьбамі, калі трэба набыць, да прыкладу, спартыўны інвентар ці музычныя інструменты.
Прэміі за добрасумленную выніковую працу ў гэты дзень атрымалі каля 70 школьнікаў, Падзякі райвыканкама ўручылі педагогам і бацькам дзяцей.
– У кожнага з нас была свая вышыня, якую мы хацелі пакарыць, чаго б гэта не каштавала. Бо за ёй – месяцы і нават гады руплівай настойлівай працы і на-дзея, што ўсё гэта не дарэмна, – адзначыла вучаніца 9-га класа СШ № 1 Вікторыя Шэдзько, прызёр заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. – Мы рады абараняць гонар роднага раёна, праслаўляць яго сваімі перамогамі. Зараз мы можам перадыхнуць, падумаць, над чым трэба працаваць далей, каб у наступным навучальным годзе вынік быў яшчэ лепшым і новая перамога не прымусіла сябе доўга чакаць. У адным я пераканана дакладна – з намі побач заўжды будзе нязменная каманда падтрымкі ў асобе бацькоў і педагогаў. Дзякуй усім, хто ў нас верыў!
Радасць перамогі са сваёй вучаніцай раздзяліла вопытны педагог СШ № 1 Наталля Інц і маці дзяўчынкі Ілона Віктараўна.
Герояў свята віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова.
Вочы дзяцей, заслугі якіх адзначылі на такім высокім узроўні, свяціліся шчасцем, а значыць, наперадзе ў іх новыя здзяйсненні і перамогі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №41 ад 01.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *