Шумилинские волейболисты показывают перспективную игру

Главное Молодёжь Спорт, туризм

Злавілі свой шанс

На першынстве вобласці па валейболе сярод хлопцаў каманда Шумілінскай СДЮШАР заняла першае месца, а сярод дзяўчат – трэцяе. На гэтых спаборніцтвах асабліва добрую гульню паказалі Данііл Шніпаў і Кацярына Вінаградава.

Данііл Шніпаў і Кацярына Вінаградава.

Данііл і Кацярына пачалі займацца валейболам з 2-га класа. Сёння яны вучацца ў 9 класе Шумілінскай СШ №1. Кацярына Вінаградава – трохразовая чэмпіёнка вобласці і шасціразовая прызёрка абласных першынстваў, Данііл Шніпаў – пяціразовы чэмпіён вобласці і трохразовы прызёр абласных першынстваў. Таксама яны маюць медалі і з рэспубліканскіх спаборніцтваў.
«Добра памятаю нашы першыя трэніроўкі, – расказвае трэнер Людміла Харкавец. – Каця адразу паказала свой байцоўскі характар. Нават калі не атрымлівалася, яна не спынялася, а ўпэўнена ішла наперад. І такая рыса характару вельмі патрэбная ў камандных відах спорту».
Трэнеры Аляксей Паршыкаў і Людміла Харкавец з 6 класа пачалі заяўляць перспектыўных валейбалістаў на сур’ёзныя спаборніцтвы. І, трэба адзначыць, што нягледзячы на тое, што былі ў камандах са старэйшымі валейбалістамі, яны не згубіліся і з кожнымі новымі спаборніцтвамі усё больш і больш праяўлялі сябе.
– У нашай спартыўнай школе працуе сістэма, якая дапамагае раскрыць спартыўныя магчымасці дзяцей і падлеткаў, – адзначае дырэктар Шумілінскай СДЮШАР Алег Асташонак. – І гэта сумесная праца кожнага: калектыва, бацькоў, спартыўнай грамадскасці. І такі сумесны падыход прыносіць плён. На ўсіх спаборніцтвах і дзяўчаты, і хлопцы змагаюцца толькі за найвышэйшыя месцы. Пяты год запар Шумілінская СДЮШАР лепшая ў вобласці па выніках выступленняў на першынстве Віцебскай вобласці. А яшчэ два нашы выпускнікі – Пётр Лазука і Арцём Масько – гуляюць за нацыянальную зборную Беларусі, якая нядаўна выйшла ў фінальную частку чэмпіяната Еўропы. Упэўнена сцвярджаю, што на дадзены момант у нас цудоўна падрыхтаваныя каманды. І кожны ігрок можа «выстраліць» на спаборніцтвах і стаць абсалютна лепшым на турніры. Менавіта так праявілі сябе Данііл Шніпаў і Кацярына Вінаградава.
З Даніілам і Кацярынай лёгка працуецца трэнерам, яны прыслухоўваюцца і выконваюць трэнерскія парады. «Калі прыйшлі перамогі, то адчулі адказнасць, – дзеляцца юныя валейбалісты. – Мы разумеем, што гуляем за спартыўную школу, за наш раён. І трэба поў-насцю выкладвацца як на трэніроўках, так і на спаборніцтвах».
Данііл Шніпаў і Кацярына Вінаградава – ігракі валейбольных зборных Віцебшчыны. Зараз яны інтэнсіўна рыхтуюцца да рэспубліканскага першынства. «Вельмі спадзяемся, што нашы найлепшыя гульні яшчэ наперадзе, – адзначаюць валейбалісты. – Калі зможам добра сыграць на рэспубліцы, то адкрыюцца новыя валейбольныя магчымасці. І гэтага вельмі хочацца, бо валейбол стаў для нас значна большым, чым проста гульня».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №42 ад 04.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *