На Шумілінскім возеры ў суботу прайшоў экалагічны квест «Чыстыя гульні»

Главное Новости Экология

«Чыстыя гульні» дзеля чыстага берага


На Шумілінскім возеры ў суботу прайшоў экалагічны квест «Чыстыя гульні»

Актывісты грамадскага аб’яднання «ЭкаБум» пры падтрымцы партнёраў – раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, таварыстваў паляўнічых і рыбаловаў, ратавання на водах, а таксама раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў – зладзілі сапраўднае свята.
– Мы заўжды шукаем новыя формы, каб добраўпарадкаванне менш за ўсё нагадвала звычайны суботнік, – кажа лідар «ЭкаБума» Ірына Кулікава. – У гэтым сэнсе нам падаўся цікавым расійскі праект «Чыстыя гульні».
Аднадумцаў збіралі праз сацыяльныя сеткі. У прызначаны час на бераг возера прыбылі 9 каманд па 3-4 чалавекі ў кожнай. Ва ўдзельнікаў была гадзіна на тое, каб сабраць як мага больш смецця. Абавязковая ўмова – сарціроўка: нельга ў адзін пакет пакласці, напрыклад, шкло і пластык. Барацьба за перамогу была гарачай.
Экалагічным выхаваннем Ірына займаецца ўжо 16 год і бачыць вынікі гэтай работы. Свядомасць людзей расце. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што ля возера – любімага месца адпачынку гараджан – на першы погляд было абсалютна чыста. Тым не менш, агульны вынік квесту – 60 кілаграмаў смецця.

Яго шукалі і на сушы, і пад вадой. Ныраў Сяргей Белагалоў. Яго «ўлоў», на радасць усім, быў зусім невялікі – дно возера чыстае.
– За апошнія гады ў раёне значна палепшылася сітуацыя з выдзяленнем другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адыходаў, што вывозяцца на палігоны,– заўважыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч. – Яшчэ чатыры гады таму са 100 кілаграмаў выдзялялі толькі 15, цяпер больш за 27.
Больш за ўсіх смецця сабраў Валерый Паладзі разам са сваімі дочкамі Вольгай і Дар’яй – 10 кілаграмаў. Яны шчыравалі ў чароце, дзе пластыкавых і шкляных бутэлек і іншага непатрэбнага аказалася больш, чым у траве.

Пераможцы, як і ўсе ўдзельнікі квесту, атрымалі прызы ад арганізатараў. Самы каштоўны – набор шматразовага пластыкавага посуду для пікніка ад ТАА «Альянспластрэсурс». Прадпрыемства на квесце прадстаўляла галоўны бухгалтар Алена Баранава, якая актыўна ўдзельнічала ва ўсіх конкурсах.
Свае знаходкі ўдзельнікі выкладвалі ў сацыяльныя сеткі з хэштэгам #чыстыягульні. Гараджане, якія адпачывалі ў гэты дзень на возеры, задалі шмат пытанняў удзельнікам і арганізатарам гульні. Магчыма, у наступны раз каманд будзе больш.
– Час, праведзены на карысць добрай справы разам з аднадумцамі, – гэта вельмі каштоўна для кожнага з нас і для грамадства ў цэлым. Дзеля ўдзелу ў такіх цікавых праектах заўжды можна адкласці хатнія справы, – ад імя дарослых удзельнікаў заўважыла Святлана Сталярова.
Святлана для свята напякла капкейкаў, якімі частавала самых маленькіх удзельнікаў. Былі яшчэ гульні, віктарыны, пікнік і прагулка пад ветразем яла.
Ірына Кулікава адзначыла, што квест «Чыстыя гульні» прайшоў у рамках інфармацыйнай кампаніі «Вада для жыцця», якая запушчана таварыствам «Зялёная сетка».
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №45 ад 15.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *