Депутат Александр Капшуль провёл приём граждан в Добейском сельсовете

Новости Общество Президент

Пра хлеб і дарогу

15 чэрвеня дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе №38 Аляксандр Капшуль, дырэктар РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт» правёў асабісты прыём грамадзян у будынку Дабейскага сельсавета.

На прыём да дэпутата прыйшлі двое чалавек. У маладога чалавека з Шуміліна бабуля жыве ў в. Непароты, ён плануе і сам там набыць дом ці ўчастак. Месца выдатнае, прыгожае, ціхае, побач два возеры. А вось з дарогай не вельмі зайздросная карціна. У савецкія часы па вёсцы быў пракладзены асфальт, але сёння дарога просіць рамонту.
У ходзе абмеркавання пытання са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам і старшынёй Дабейскага сельсавета Аляксандрам Аляксеенкам, якія прысутнічалі на прыёме, вырашана зрабіць падсыпку дарогі ў Непаротах. Аб’ёмы работ былі вызначаны падчас выезду на месца. Вёска перспектыўная, зазначыў А. В. Аляксеенка, пастаянна тут пражываюць 45 чалавек плюс на летні час прыязджае столькі ж дачнікаў. І жадаючыя набыць участкі ёсць. Да таго ж, праз Непароты летам дабіраюцца жыхары раёна на любімае месца адпачынку – возера Разван.
Прыйшла на прыём да дэпутата і жыхарка вёскі Дабея. З сабой прынесла паўбохана хлеба, каб пакаштавалі госці з горада, які, на яе думку, нясмачны хлеб прывозіць ім аўталаўка. «Вярніце нам, калі ласка, магазін у Дабею, у ім і асартымент больш багаты, і таго ж хлеба, і іншых тавараў, – прасіла пенсіянерка. – Ды і зручнасць, самі ведаеце, для нас адыгрывае вялікую ролю».
А хлеб, між іншым, пакаштавалі ўсе прысутныя. Нармальны, ядомы. Тут, як кажуць, пра густы не спрачаюцца…
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №46 ад 18.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *