Без эмоцый. Па літары закону

Новости Общество

Без эмоцый. Па літары закону

Тры гады назад пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта прыйшла ў раённую пракуратуру на пасаду памочніка пракурора Шумілінскага раёна Ганна Семянюк.

Маладому юрысту хапіла некалькі месяцаў, каб паказаць сябе кваліфікаваным, дапытлівым і справядлівым спецыялістам. «Тэарэтычнай базы пасля ўніверсітэта хапала, – расказала Ганна. – Праўда, на практыцы іх было даволі складана прымяняць. І тут словы ўдзячнасці майму першаму працоўнаму калектыву, менавіта яны ўводзілі мяне ў нюансы і спецыфіку пракурорскай дзейнасці».
Ганна родам з Віцебска. «У маёй сям’і я першай абрала прафесію юрыста, – расказвае памочнік пракурора. – Чамусьці ў старэйшых класах задумалася паступаць на юрфак. Пра спецыялізацыю, можна сказаць, не задумвалася. Толькі на старэйшых курсах вызначылася, што буду пракурорскім работнікам. І сёння, адпрацаваўшы тры гады ў пракуратуры, пра свой выбар зусім не шкадую».
Судовыя пасяджэнні, падчас якіх пракурорскія работнікі выступаюць дзяржаўнымі абвінаваўцамі, гэта асаблівая адказнасць. Тут трэба «ўзважыць» усе за і супраць, і, па словах Ганны, адклаўшы ўсе свае эмоцыі, карыстацца Крымінальным кодэксам.
Першыя гады работы для маладога работніка пракуратуры сталі часам прафесійнага станаўлення. У пракурора асаблівая адказнасць, разуменне таго, што ад тваёй пазіцыі залежыць чалавечы лёс. А пра кар’ерны рост Ганны Семянюк сказаў пракурор раёна Іван Волчык: «Хацелася, каб Ганна стала першай жанчынай-пракурорам на Віцебшчыне. У яе ёсць для гэтага ўсё магчымасці і здольнасці. А напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць і Ганну Семянюк, і кожнага работніка пракуратуры раёна са святам, пажадаць ім толькі добрага і станоўчага як на рабоце, так і дома».
Вольнага часу ў Ганны Семянюк мала. Але яна абавязкова знойдзе час, каб пачытаць кнігу – гэта для яе самы лепшы адпачынак. Даспадобы ёй творчасць Фёдара Дастаеўскага, Аляксея Талстога, Антона Чэхава, а любімую кнігу «Унесеныя ветрам» Маргарэт Мітчал перачытвае пастаянна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №48 ад 25. 06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *