22 июня. 23 июня. Шумилинский район отметил важные даты

Беларусь помніць Главное Новости

Ніколі не забудзем

22 чэрвеня ў Обалі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 77-й гадавіне вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

22 чэрвеня. 23 чэрвеня. Дзве даты, якія стаяць побач і якія раздзяляе тры гады. 22 чэрвеня 1941 года вераломным нападам фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз пачалася самая крывавая для нашага народа вайна. І светлая дата 23 чэрвеня 1944 года, калі была вызвалена ад фашыстаў шумілінская зямля. З гэтай нагоды на гераічнай Обальшчыне былі наладжаны мерапрыемствы, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі ўлады, прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый Шумілінскага раёна, жыхары гарадскога пасёлка Обаль.

«Памятае мір уратаваны…» –
так называлася дыялогавая пляцоўка з удзелам вучняў Обальскай сярэдняй школы, якая прайшла ў музеі Обальскага камсамольскага падполля. Напэўна нельга было абраць лепшага месца для шчырай размовы аб значэнні Вялікай Перамогі для ўсяго свету, уратаванага ад «карычневай чумы» савецкімі салдатамі.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, звяртаючыся да моладзі, нагадала, што зараз у інфармацыйнай прасторы важна ўмець выбіраць праўдзівую інфармацыю, бо ў свеце вядзецца сапраўдная інфармацыйная вайна, перапісваюцца роля і ўклад СССР у перамогу над фашызмам, спрабуюць раскалоць грамадства, закласці лжывую інфармацыю пра вайну ў галовы моладзі. Ірына Іванаўна нагадала школьнікам пра подзвіг іх землякоў – юных абальчан, што са зброяй у руках паўсталі супраць нацызму. Яна параіла моладзі арыентавацца на старэйшае пакаленне, якое ведае пра ваенныя падзеі, дапаможа знайсці праўду.
Пра генацыд, які чынілі на тэрыторыі Шуміліншчыны фашысты, расказала дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова. Кожны трэці жыхар раёна загінуў на вайне. Больш за 10 тысяч шумілінцаў удзельнічалі ў барацьбе з ворагам.
Пра неабходнасць непарыўнай сувязі пакаленняў, непарыўнай памяці пакаленняў гаварыў актывіст раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Генадзь Шынкевіч. Вельмі важна захаваць і перадаць гэтую памяць наступным пакаленням беларусаў.

Схілілі галовы ля абеліска
Ля брацкай магілы савецкіх воінаў, што загінулі пры вызваленні Обалі і навакольных вёсак, адбыўся мітынг. 297 салдат і афіцэраў пахаваныя ў Обалі, а ўсяго на шумілінскай зямлі ў 55 воінскіх магілах пахаваныя амаль 12 тысяч воінаў, якія вызвалялі наш раён ад ворага, нагадаў у сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. 1182 дні працягвалася акупацыя, нацысты расстралялі больш за 2 тысячы жыхароў раёна, каля 800 чалавек вывезлі ў няволю. У ходзе аперацыі «Баграціён» у 1944 годзе прыйшла свабода на беларускую зямлю: 23 чэрвеня было вызвалена Шуміліна, 26 чэрвеня – Обаль. Нам, будучым пакаленням, трэба быць дастойнымі памяці нашых дзядоў і бабуль, бацькоў і маці, памятаць, за што яны змагаліся, як адраджалі разбураную краіну, сказаў старшыня райсавета.
Аляксандр Штокін нагадаў, што на тэрыторыі Обальшчыны ёсць свая Хатынь – вёска Барсукі, спаленая гітлераўцамі, увесь свет ведае пра подзвіг юных абальчан-падпольшчыкаў – многія з іх загінулі, але яны атрымалі маральную перамогу над ворагам. Трэба памятаць пра подзвіг воінаў 90-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая вызваляла Обаль. Трэба захоўваць гэтую памяць, захоўваць праўду, сказаў Аляксандр Мікалаевіч.
У 12.00 удзельнікі мітынгу далучыліся да Усебеларускай хвіліны маўчання, ушанавалі памяць герояў вайны, усклалі вянкі і кветкі да абеліска на брацкай магіле.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №48 ад 25. 06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *