Криминал. Происшествия

Происшествия

Брага
Участковымі  інспектарамі РАУС у вёсцы Пагарэліца канфіскаваны тры малочныя флягі (кожная па сорак літраў) самагоннай брагі. Як высветлілася, у доме, дзе стаялі флягі, ніхто не пражывае. Хто рабіў брагу, высветліць не ўдалося. Брага знішчана.
Санкі
У міліцыю звярнулася жыхарка Светласельскага: вечарам яна пакінула дзіцячыя санкі на пляцоўцы шматпавярховага дома, а за ноч яны зніклі. Кошт санак ацэнены на 200 тысяч рублёў. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС знайшлі злачынцу, ім аказаўся раней судзімы жыхар райцэнтра. Санкі канфіскаваны і вернуты гаспадыні. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Рэанімацыя
З цэнтральнай раённай бальніцы ў РАУС паступіла паведамленне, што брыгада “хуткай дапамогі” даставіла жыхара райцэнтра з чэрапна-мазгавой траўмай, пераломам касцей чэрапа. Мужчына шпіталяваны ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы. Абставіны атрымання цялесных пашкоджанняў высвятляюцца, праводзіцца праверка.
Радыёпрыёмнік
Пацярпела жыхарка Мішневіч: неўстаноўлены злачынца ўзламаў запоры на ўваходных дзвярах яе дома і пранік у пакой. Адтуль прапалі радыёпрыёмнік і тэлефонны апарат. Супрацоўнікі раённага аддзялення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзілі па дадзенаму крадзяжу крымінальную справу.
Куры
У пенсіянеркі з Шуміліна, з незамкнёнай гаспадарчай пабудовы, што знаходзіцца непадалёк ад дома, укралі курэй. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Вісельнікі
Ва ўласным доме ў в. Будобаль знайшлі мёртвага 49-гадовага мужчыну. Ён закончыў жыццё самагубствам праз павешанне.
На жаль, такі выпадак у раёне за апошні тыдзень студзеня не адзіны. Такім спосабам рахункі з жыццём звяла і адна з жыхарак райцэнтра.
Лічбы
У мінулым годзе супрацоўнікі РАУС адрэагавалі на 8295 паведамленняў і заяў грамадзян аб здарэннях і злачынствах. Па выніках праверак узбуджана 325 крымінальных спраў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 1910 грамадзян.
Намаганнямі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ў мінулым годзе выяўлены ўрон на суму звыш 35 мільёнаў рублёў. Кампенсаваны 32 мільёны, у тым ліку накладзены арышт на маёмасць на суму 31 мільён рублёў.
У мінулым годзе супрацоўнікі РАУС накіравалі на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый 31 жыхара раёна. За парушэнне Дэкрэта Прэзідэнта № 11 “Аб удасканаленні рэгулявання вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту” прыцягнута да адказнасці 19 чалавек, канфіскавана 102,4 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці і 4913,6 літра самагону і самагоннай брагі.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *