Спартакиада работников Шумилинского лесхоза прошла 9 июля

Главное Общество Спорт, туризм

Спаборнічалі  каманды  леснікоў

У пятніцу, 9 ліпеня, у аграгарадку Слабада  работнікі  ДЛГУ «Шумілінскі  лясгас»  правялі галіновую спартакіяду, якую прысвяцілі Году народнага адзінства і 85-годдзю з дня ўтварэння органа кіравання лясной гаспадаркай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Спартакіяду арганізатары пастараліся зрабіць  сапраўдным святам спорту, добрага настрою і станоўчых эмоцый. Падтрымала такія старты і сонечнае спякотнае  надвор’е, падчас якога на «ўра»  ішлі разліўны квас, марожанае і мінеральная вада. Прыехалі  пабалець за ўдзельнікаў сем’і работнікаў лясгаса. Для дзяцей  былі арганізаваны атракцыёны і забавы.

– Правядзенне спартакіяды стала ў нас добрай традыцыяй, – падкрэсліў на адкрыцці мерапрыемства дырэктар Шумілінскага лясгаса Аляксандр Лабынцаў. – Зразумела, што сённяшняя спартакіяда – гэта найперш свята. Хаця яна прадугледжвае адбор нашых лепшых спартсменаў на абласную спартакіяду.

Дарэчы, Аляксандр Лабынцаў вядомы як прыхільнік здаровага ладу жыцця, майстар спорту па гіравым спорце, ён не толькі адзін з ініцыятараў спартыўнага фэсту, а і актыўны  ўдзельнік спартакіяды.

Сёлетняя спартакіяда ўключала сем відаў спорту: лёгкаатлетычную эстафету, валейбол, настольны тэніс, гіравы спорт, шашкі, стральбу з пнеўматычнай зброі і перацягванне каната. Змагаліся за перамогу пяць каманд падраздзяленняў установы: апарат кіравання, зборная лесанарыхтоўчага пункта і вытворчага дрэванарыхтоўчага цэха г. п. Шуміліна, Мішневіцкага і Казьянскага лясніцтваў, Шумілінскага і Мікіці-хінскага лясніцтваў, Обальскага і Мікалаеў-скага лясніцтваў.

Адкрыла спартакіяду лёгкаатлетычная эстафета, у  якой лепшы вынік паказалі лёгкаатлеты са зборнай лесанарыхтоўчага пункта і вытворчага дрэванарыхтоўчага цэха г. п. Шу-міліна, а другое месца падзялілі каманды  апарата кіравання і Обальскага і Мікалаеўскага лясніцтваў.

Безліч эмоцый, перажыванняў і радасці падарыў валейбол, у якім ва ўпартай барацьбе перамаглі спартсмены з апарата кіравання. Бескампрамісна прайшлі гульні ў настольны тэніс – лепшы вынік у тэнісістаў з Мішневіцкага і Казьянскага лясніцтваў. На шашках перамогу святкавалі прадстаўнікі апарата кіравання. У стральбе з пнеўматычнай зброі самай трапнай стала каманда Шумілінскага і Мікіціхінскага лясніцтваў. У гіравым спорце перамога засталася за гіравікамі з апарата кіравання. Відовішчнай кропкай спарта-кіяды стала перацягванне каната, у выніку самымі моцнымі сталі асілкі са зборнай лесанарыхтоўчага пункта і вытворчага дрэванарыхтоўчага цэха г. п. Шуміліна.

Па выніках усіх стартаў трэці год запар перамогу атрымала каманда апарата кіравання на чале з дырэктарам Аляксандрам Лабынцавым.  Другой стала зборная лесанарыхтоўчага пункта і вытворчага дрэванарыхтоўчага цэха г. п. Шуміліна, трэцяе месца заняла каманда Обальскага і Мікалаеўскага лясніцтваў.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *