Дзень ВМФ у Шуміліне прайшоў па-сямейнаму

Новости Общество

Згуртаванасць марскога братэрства

У мінулыя выхадныя Дзень ваенна-марскога флоту святкавала раённая арганізацыя Беларускага саюза ваенных маракоў. У мерапрыемствах бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

Пачалося мерапрыемства ў Язвіне ля помніка нашаму земляку капітану другога ранга Анатолю Іспянкову, які загінуў на падводнай лодцы «Камсамолец». Анатоль Іспянкоў – прыклад мужнасці, самаадданасці і гераізму, падкрэсліў у сваім выступленні Мікалай Будневіч. На караблі заўсёды так: ад кожнага залежыць жыццё ўсіх. І ў асобных надзвычайных выпадках сапраўдныя мужчыны ахвяруюць сваім жыццём. Мікалай Аляксеевіч пажадаў усім прысутным яркай пуцяводнай зоркі, ціхага мора, бязвоблачнага жыцця і адзначыў, што марское братэрства самае згуртаванае. Выступоўцы гаварылі пра вернасць марскому слову, таварыскасць і адзінства. Родная сястра Анатоля Іспянкова Зінаіда падзякавала ўсім за памяць пра брата. Закончыўся мітынг хвілінай маўчання.
Мерапрыемства прадоўжылася ля Шумілінскага возера. Ля марскога каменя адбылося ўрачыстае пастраенне. Старшыня раённай арганізацыі Віктар Прыходзька павіншаваў усіх са святам, нагадаўшы знакамітыя словы адмірала Нахімава, што ў марака няма цяжкага ці лёгкага шляху, ёсць толькі адзін – слаўны. І яго варта працягваць на сушы: добрымі справамі, шчырай работай, выхаваннем падрастаючага пакалення. Да віншаванняў далучыўся старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, які гаварыў пра братэрства з Расійскай Федэрацыяй, дзе з размахам адзначаецца дзень ВМФ, пажадаў былым маракам дабрабыту і сапраўднай дружбы, бо ў жыцці вельмі важна адчуваць сілу локця.
Раённых ваенных маракоў віншавала старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Ірына Шалахава. Яна выказала ўпэўненасць, што арганізацыя разам з усімі прадоўжыць выхаванне моладзі і дакажа важнасць адзінства, дружбы і братэрства.
У гэты святочны дзень маракоў віншавалі былыя пагранічнікі і дэсантнікі, прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага фонду міру, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. А старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў уручыў Віктару Прыходзьку «Ганаровы знак Беларускага саюза афіцэраў» – за патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Многія былыя маракі ў гэты дзень атрымалі граматы, падзякі, памятныя падарункі.
Дзень ВМФ у Шуміліне прайшоў па-сямейнаму, бо былыя маракі прыйшлі сюды з жонкамі, дзецьмі, унукамі, сябрамі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №57 ад 27.07.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *