У шумілінскіх рыбакоў – другое месца

Мир увлечений Новости

У шумілінскіх рыбакоў – другое месца

Пераможцы абласных спаборніцтваў.

17 ліпеня на возеры Круглік (в. Прыазёрная) прайшлі абласныя спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы, арганізатарам якіх выступіла Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.


Вызначыць, хто самы лепшы рыбалоў, сабраліся 12 каманд (па тры чалавекі ў камандзе).
Гонар Шумілінскага раёна абаранялі браты Аляксандр і Васіль Юдавы і Сяргей Прэабражэнскі з райцэнтра.

Дзень выдаўся даволі паспяховым: і надвор’е радавала, і азарт прысутнічаў, і настрой ва ўсіх быў баявы. Усе аматары-рыбаловы засталіся з уловам. Тым не менш пашанцавала больш за ўсіх аршанцам. Усе трое рыбакоў з каманды ўзялі першыя месцы ў асабістым заліку, выцягнуўшы самыя важкія трафеі, так і ў агульнакамандным. Пераможца асабістага заліку Аляксандр Чудакоў з Оршы выцягнуў з Кругліка за тры гадзіны лоўлі рыбы агульнай вагой 6 кілаграмаў 100 грамаў! І гэта на чужым возеры, канстатавалі ўдзельнікі спаборніцтваў! Вось дык удача! А ўсёй камандай аршанцы налавілі 11 кг!
Другое месца занялі шумілінцы, трэцімі сталі палачане.
Усе пераможцы атрымалі дыпломы, кубкі і каштоўныя падарункі.

* * *
Тыднем раней у Лёзненскім раёне прайшлі міжраённыя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Каманда Шумілінскага раёна ў складзе Аляксандра і Васіля Юдавых і Сяргея Прэабражэнскага заняла першае агульнакаманднае месца, у асабістым заліку шумілінцы ўзялі ўсе тры прызавыя месцы: першае – Аляксандр Юдаў, другое – Васіль Юдаў, трэцяе – Сяргей Прэабражэнскі. Першае агульнакаманднае месца і дала пуцёўку шумілінскай камандзе для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах, на якіх, як бачым, яны выступілі практычна бліскуча.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №57 ад 27.07.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *