Мабільны этыкет

Новости Общество

Не адставай ад жыцця

Сёння мабільны тэлефон – гэта неад’емны аксесуар сучаснага чалавека. Як паказваюць даследаванні, да 80% насельніцтва імі карыстаюцца, а 40% карыстальнікаў маюць сім-карты двух ці трох аператараў. Мабільная сувязь так трывала ўвайшла ў наша жыццё, што культурнасць і выхаванасць чалавека можна вызначыць па тым, як ён карыстаецца мабільнікам.


Анекдот у тэму
Размаўляюць дзве сяброўкі.
– А ты ведаеш, што Таня зусім перастала размаўляць з бацькамі.
– Чаму?
– Бо яна падключылася на МТС, а бацькі на Велкоме. Занадта дорага тэлефанаваць.

Зараз гэты анекдот згубіў сваю актуальнасць. У нас у Беларусі тры мабільныя аператары (МТС, А1 і Life), яны прапаноўваюць вялікую колькасць тарыфных планаў, прычым апошні час робяць стаўку на тарыфы са званкамі ў другія сеткі. Не пакажы сябе дрымучым чалавекам. Так пра цябе падумаюць, калі пытаеш нумар тэлефона толькі пэўнага аператара. Праўда, тут можна трапіць і ў другую пастку – паказаць сябе сквапным чалавекам. Пасля таго, як далі нумар не таго аператара, якім карыстаешся ты, пачынаеш слёзна расказваць, наколькі дарагі для вас будзе званок.
І яшчэ не трэба ўступаць ў размовы пра мабільную сувязь ці дарагія тарыфныя планы, калі не валодаеш хаця б мінімальнымі ведамі. Паверце, што калі заўзята пачнеш расказваць, напрыклад, пра свой тарыфны план «Джынс» (ён даўно-даўно быў), то пра цябе складзецца адназначнае меркаванне, што ты адстаў ад жыцця, гадоў на дзесяць, а можа і больш. Сённяшняе жыццё – гэта шалёны рытм. З тарыфам, што быў 5 ці больш год назад, наўрад ці можна ўпісацца ў гэты рытм. Даследчыкі сцвярджаюць, што тарыфны план (а часам і аператара) трэба мяняць мінімум раз у два гады. Як паказвае жыццё, сучасны тарыф больш эканамічна выгадны, чым архіўны.
Звычайна тэлефонная размова цягнецца 3-5 хвілін, пры званках разлічваць трэба менавіта на гэты час. Ніколі не спрабуй закончыць размову са словамі «хвіліну гэту дагаворым, а на новую не пойдзем». Такія словы – адназначна дурны тон. Праўда, ёсць яшчэ адзін больш выразны паказчык дурнога тону: не скідвай тэлефонны званок для таго, каб табе перазванілі. Паверце, суразмоўцы пару раз падумаюць, што прапусцілі званок і набяруць у адказ, але праз пэўны час будзе толькі ігнараванне.
Не пакажы сябе нявыхаваным. Ніколі не тэлефануй без перапынку. Калі не паднялі трубку, ідэальны варыянт набраць праз дзве гадзіны. Праўда, у тэрміновых выпадках гэты час можна скараціць да 30 хвілін. Дарэчы, выхаваны мабільны карыстальнік сам ператэлефануе, а калі няма такой магчымасці, то напіша адказ СМС ці ў месенджарах. Пра ўзровень выхаванасці можа сказаць і час званка: тэлефанаванні пасля 21.00 – альбо нешта экстраннае, альбо нявыхаванасць.
Ні мадэль і ні год выпуску тэлефона не зробіць цябе сучасным і выхаваным. І са старэнькім кнопачным тэлефонам можна паказаць сябе знаўцам сучасных тэхналогій.
Падрыхтаваў Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №57 ад 27.07.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *