Здарэнні. Крымінал

Новости Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка РАУС Віктар Попелаў.
Метал
У вёсцы Улазавічы падворак дачнага дома, які належыць жыхару Віцебска, наведаў раней судзімы за крадзеж пенсіянер. Пасля яго візіту зніклі грубка-буржуйка, трубы і іншыя металічныя прадметы агульным коштам 225 рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Мужчына можа пазбавіцца волі на тэрмін да чатырох год.
Ружжо
Жыхар Мікалаева вырабіў і захоўваў самаробнае ружжо, якое зараджаецца серай ад запалак. Экспертыза вызначыла, што з ружжа можна страляць, і яно з’яўляецца зброяй. На падставе гэтага была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». «Вынаходнік» можа пазбавіцца волі на тэрмін да сямі год.
Рэйкі
З тэрыторыі торфанарыхтовак каля вёскі Беркавічы зніклі металічныя рэйкі вагой 1200 кг, кошт якіх ацэнены ў 755 рублёў. Высветлілі, што іх украў жыхар вёскі Гаравыя Полацкага раёна, які праз некалькі дзён пасля крадзяжу пакончыў жыццё самагубствам. Крымінальная справа не ўзбуджалася. Рэйкі канфіскаваны і вернуты гаспадарам.
Абавязаная
Супраць жыхаркі аграгарадка Мікіціха ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні» (санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да двух год пазбаўлення волі). Будучы абавязанай асобай, яна здзейсніла больш за 10 прагулаў. Адзначым, што раней жанчына ўжо прыцягвалася да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.

Са зводак ДАІ
Мотаблок
Па пад’ездзе да вёскі Засіннікі быў затрыманы мясцовы жыхар, які кіраваў мотаблокам, знаходзячыся ў нецвярозым стане (наяўнасць этылавага спірту пры выдыху склала 0,8 праміле). Мужчыну пагражае штраф 200 БВ і пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на пяць год. На мотаблок накладзены арышт.
Абгон
Грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які кіраваў аўтамабілем «Джып Чырокі», здзейсніў абгон транспартнага сродку на мосце праз раку Будавесць. За гэта парушэнне ён будзе пазбаўлены права кіраваць транспартным сродкам на тэрмін адзін год.
Тры парушэнні
Жыхар Віцебска, кіруючы аўтамабілем «Хонда», на трасе Р-20 у Шуміліне перавысіў хуткасны рэжым на 39 кіламетраў, праехаў на чырвонае святло святлафора і не спыніўся пасля шматлікіх патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ. Пры затрыманні высветлілася, што ён не мае вадзіцельскіх правоў. Мужчыну пагражае штраф 100 БВ і пазбаўленне займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартных сродкаў, на два гады.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №59 ад 03.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *