Актуальное интервью: «Дров хватает, но заказывать надо заранее»

Актуалии Общество Экономика

Дырэктар шумілінскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко.

Мароз траскучы і дроў – да кучы
Зіма паказала ўжо свой люты нораў. Для тых, хто разлічваў на так званую еўрапейскую зіму (хаця зараз і ў Еўропе шмат непрыемных сюрпрызаў), мароз за 30 градусаў стаў, відаць, нейкай нечаканасцю. Хаця такімі маразамі надвор’е “песціць” Беларусь пастаянна.
Сапраўдны гаспадар ніколі не сустрэне халады са скупымі запасамі дроў, брыкету. Ці клапоцяцца людзі пра паліва цяпер, зімой, якая сітуацыя з чарговасцю на дровы, брыкет — пра гэта і  многае іншае па тэме размаўляем з дырэктарам шумілінскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко.
— Уладзімір Мікалаевіч, успамінаю восень мінулага года, калі на пляцоўцы ў райпаліўзбыце было дроў кот наплакаў. Тады пытанне стаяла рубам: як выжыць? Ці змянілася з таго часу сітуацыя?
— Змянілася, і кардынальна. Восенню было трывожна, не ведаў, што рабіць з рабочымі. Сёння сітуацыя іншая: дроў на нашай пляцоўцы 230 кубоў. Пасля доўгіх і настойлівых гутарак з боку мясцовых улад кіраўніцтва лясгасу павярнулася тварам да нашых праблем. Дамовіліся, што адтуль будзе паступаць у месяц 300 кубічных метраў дроў. А гэта з разліку на 60 сядзіб. Разлічыўся з намі і бюджэт, цяпер няма праблем з аплатай ні за дровы, ні за торфабрыкет. Дарэчы, заяўкі па брыкеце выконваем на працягу тыдня, дроў — двух-трох месяцаў. Вядома, калі не паступае экстранных заявак ад інвалідаў вайны і наогул ад ільготнікаў.
— Ведаю, што з году ў год многія спажыўцы “спалі ў шапку”, заказвалі сабе паліва перад самымі халадамі. Ці многае змянілася  ў псіхалогіі людзей?
— На жаль, пераламаць псіхалогію не змаглі. Каторы год пішам у газеце, даём частыя каментарыі, а воз, як кажуць, і зараз там. Часта ў размове нават здзіўляюцца: “А што, хіба і ў вас можна заказаць паліва?”. Адказваю: “Можна”. Вядома, калі жыллё ацяпляецца не газам і калі ёсць у пашпарце адзнака аб рэгістрацыі. А ўвогуле ў нас мёртвы сезон — гэта сакавік-красавік, калі заявак па мізэру. Між тым нагадаю, як робіць сапраўдны гаспадар: ён завозіць дровы ў маі, коле, каб месяц прасушыўшы на падворку, скласці пад паветку сухое паліва.
— Уладзімір Мікалаевіч, пра адзнаку ў пашпарце — гэта ўжо новае…
— Чаму ж? Мы і раней патрабавалі рэгістрацыю, каб не было ўсякіх перакосаў і “жыравання” за кошт бюджэтных датацый. Зараз запрасілі з сельсаветаў спісы. Для тых, хто мае дачу, удакладняем, ці жыве там чалавек, ці ёсць у яго рэгістрацыя. Калі няма, у заяўцы адмаўляем.
— У такім разе вы можаце згубіць нямала патэнцыяльных кліентаў.
— Пэўную частку кліентаў страціць можам. Крыўдна, але мы — за парадак ва ўліку. З гэтага года сваім кліентам будзем выдаваць паліўныя кніжкі. Часта пытаюцца ў нас: а як быць тым, каму адмовілі? Адказваю: акрамя нас, дровы возіць прыватнік. Ды і аднаго прычэпа, які прывязуць з райпаліўзбыту (а гэта 5 кубоў дроў), мала каму з гаспадароў хопіць. Ведаю тых, хто спальвае за зіму  да дзесяці прычэпаў. Таму заказваюць у іншых месцах: праз лясніцтвы, у таго ж прыватніка або бяруць дзялянкі і нарыхтоўваюць дровы самі.
— Што змянілася па якасці і наменклатуры паслуг?
— Працуем пад заказ. Пілуем цуркамі, а калі заказваюць, то і паколем дровы. За паколатыя аплата з разліку каля 70 тысяч з прычэпа. За мінулы год колатых дроў завезлі 370 кубоў. Што характэрна: дастаўляеш гатовыя дровы ў вёску, а там, як ланцуговая рэакцыя — заказваюць яшчэ. У нас адзін трактар, аднак ён спраўляецца забяспечваць дрывамі спажыўцоў. Сёння прычэп  папілаваных дроў каштуе 350 тысяч рублёў, дадайце кошт прывозкі. Калі везці на адлегласць да 10 кіламетраў, трэба заплаціць да 500 тысяч. У спажыўца ёсць права выбару: наша “фірма”, прыватная ці саманарыхтоўка.
Мікалай Шостак
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *