Уладзімір Баранаў: «У рабоце газавай службы ўсё павінна працаваць як гадзіннік»

Новости Общество Экономика

«У рабоце газавай службы ўсё павінна працаваць як гадзіннік»

У верасні, якраз калі газавая служба краіны адзначае сваё прафесійнае свята, споўніцца роўна 20 год, як Уладзімір Баранаў прыйшоў у Шумілінскі райгаз – цяпер Шумілінскі раён газазабеспячэння. Прыжыўся тут, напрацаваў вопыт і аўтарытэт.

Уладзімір Уладзіміравіч працуе слесарам абслугоўвання і рамонту вонкавых газаправодаў, працуе грунтоўна, планамерна, з веданнем справы.
– Наша галоўная задача – бесперабойная падача газу спажыўцу, – кажа Уладзімір. – У рабоце газавай службы ўсё павінна працаваць як гадзіннік. Таму брыгада спецыялістаў, у якой я працую, штодзень робіць абходы, тэхнічнае абслугоўванне і іншыя работы, вызначаныя графікам.
Як бачыце, абсталяванне ў нас увесь час абнаўляецца, дысцыпліна і кадры – на ўзроўні.
– А дома слясарыце?
– Пытаеце… У мяне ж свой дом з усімі выцякаючымі. І наогул, я ж зроблены ў СССР, калі выпускалі мужчын з універсальнымі функцыямі, – усміхаецца субяседнік.
Сапраўды, Уладзімір Баранаў пабудаваў дом (у Обалі), нарадзіў сына і дачку (як працяг сямейнага шчасця – тры ўнучкі дадаюць шчасця сям’і Баранавых), пасадзіў сад. Хаця, калі па-праўдзе, без жонкі Зоі Георгіеўны з усімі гэтымі задачамі ён бы ніяк не справіўся б. А так за 40 з гакам гадоў сумеснага жыцця вунь колькі плёну здабылі.
Мы гутарым з Уладзімірам Уладзіміравічам на пачатку рабочага дня, яму трэба выязджаць з брыгадай, таму інтэрв’ю атрымалася ў выглядзе экспрэс пытанняў:
– Калі аўтамабіль, то механіка ці аўтамат?
– Механіка, каб сам мог чыніць.
– Грыбы ці рыбалка?
– Грыбы.
– Каты ці сабакі?
– І тыя, і другія.
– Лазня ці душ?
– Лазня абавязкова. І душ не перашкодзіць.
– Аднойчы да Вас прыйдзе пенсія. Гэта будзе неспадзявана?
– О не, я да гэтай сустрэчы гатовы, і ў мяне на гэты конт вялікія планы. Хачу каля дома папрацаваць, альтанку да ладу давесці, усёй тэрыторыі эстэтыкі, прыгажосці дадаць, каб сабе і людзям было прыемна.
– Што пажадаеце калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Здароўя найперш, поспехаў, ладу ў сем’ях, міру і святочнага настрою.
Гутарыла Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №68 ад 03.09.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *