Абмеркавана на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў

Новости Общество

Сацыяльныя стандарты ў вобласці электрасувязі выкананы

На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Будневіча, абмеркавана пытанне, як рэалізуюцца ў раёне сацыяльныя стандарты ў вобласці электрасувязі. Падрабязнасці па тэме выклаў у дакладзе начальнік раённага ўчастка электрасувязі РУП «Белтэлекам» Юрый Маскалькоў.

Па словах Юрыя Маскалькова, у вобласці электрасувязі вызначаны тры асноўныя паказчыкі выканання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва: тэрмін задавальнення заявы на ўстаноўку тэлефона (нарматыў – не больш аднаго года з моманту падачы заявы); забеспячэнне магчымасці аказання паслуг шырокафарматнага доступу ў сетцы Інтэрнэт (нарматыў – у кожным населеным пункце з колькасцю насельніцтва 300 жыхароў і больш) і нарматыў тэлефанізацыі ўстаноў аховы здароўя, у тым ліку ў аграгарадках (заданне 100%). На 1 жніўня на тэрыторыі раёна забяспечана стопрацэнтнае выкананне ўсіх трох паказчыкаў.
Такія вынікі сталі магчымымі дзякуючы штогадовым распрацоўкам і своечасовай рэалізацыі планаў мадэрнізацыі і развіцця сетак сувязі, укаранення новых тэхналогій. Практычна забяспечана магчымасць устаноўкі тэлефона ва ўсіх населеных пунктах раёна.

За 7 месяцаў года задаволена 171 заява на ўстаноўку тэлефона, з іх 36 у сельскай мясцовасці. Усяго ў раёне ўстаноўлена 8776 тэлефонаў, з іх гарадскіх – 5373, сельскіх – 3403. У маланаселеных і аддаленых ад АТС населеных пунктах арганізавана сувязь праз WLL тэхналогіі. Колькасць такіх абанентаў складае 418. На 1 жніўня незадаволеных заяў на ўстаноўку тэлефона не было.

Дакладчык зазначыў, што дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі, у прыватнасці, будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі і арганізацыі вузлоў перадачы дадзеных у раёне забяспечана выкананне сацыяльнага стандарту па аказанні паслуг шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт не толькі ў населеных пунктах з колькасцю 300 і больш жыхароў. Шумілінскія сувязісты прадаставілі магчымасць карыстацца паслугамі Інтэрнэту (byfly) і інтэрактыўнага тэлебачання ў 20 населеных пунктах з колькасцю насельніцтва 200 і больш жыхароў.

Між іншым, колькасць абанентаў па доступу ў сетцы Інтэрнэт у раёне сёння складае 5739.

Што тычыцца тэлефанізацыі ўстаноў аховы здароўя, то, па словах кіраўніка раённай службы электрасувязі, усе 18 лячэбна-прафілактычных арганізацый, якія функцыянуюць у раёне, забяспечаны стацыянарнай тэлефоннай сувяззю на 100%. Для паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва забяспечана тэлефанізацыя і ўсіх аптэк.
Юрый Маскалькоў агучыў планы на бліжэйшую перспектыву, адказаў на актуальныя пытанні, у тым ліку і наконт таго, калі чакаць шумілінцам выдання новага тэлефоннага даведніка. Прагучала прапанова арганізаваць выпуск міні-тэлефоннага даведніка па асноўных запатрабаваных службах.
Па абмеркаваным пытанні прынята пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №71 ад 14.09.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *