На «Дажынках» у Шуміліне адзначылі важкі ўклад кожнага сельскага працаўніка ў агульны каравай Прыдзвіння

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости Сельское хозяйство

Хвала рукам, што вырасцілі хлеб

Вадзіма Гарланава віншуе Таццяна Ярома.

Першы намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Мацкевіч павіншаваў прысутных з «Дажынкамі-2021». Алег Сяргеевіч адзначыў важнасць гэтай падзеі, падзякаваў сельскагаспадарчым калектывам вобласці за працавітасць, старанне, цярпенне і вытрымку – на палетках часам прыходзілася рупіцца ў нялёгкіх умовах надвор’я. Алег Мацкевіч узнагародзіў пераможцаў сельскагаспадарчых арганізацый, якія занялі ў вобласці другія і трэція месцы на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, уборцы рапсу. Былі ўзнагароджаны лепшыя камбайнеры, вадзіцелі і механізатары на перавозцы зерня, на нарыхтоўцы травяністых кармоў на прэс-падборшчыках. Некаторым працаўнікам сельскагаспадарчых арганізацый была ўручана Падзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Ягораў адзначыў, што ганарыцца хлебаробамі Віцебшчыны, якія дасягнулі важкіх вынікаў у рабоце. Сяргей Валер’евіч уручыў Падзякі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь лепшым аграномам, вадзіцелям, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.

Юрый Сямёнаў з узнагародай.

Сярод узнагароджаных – кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Раднік» Юрый Сямёнаў. Такая пашана – за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у вырошчванні элітнага насення шматгадовых траў, рапсу і зерневых культур.

Сяргей Ягораў уручыў Сяргею Гоманаву Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.

Вялікая група працаўнікоў АПК была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, сярод іх – механізатар ААТ «АграБаравінка» Сяргей Гоманаў, які сёлета паказаў лепшы вынік у раёне па намалоце зерневых і зернебабовых культур – 1271 тону.
Павіншаваць працаўнікоў сяла прыехала старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Ярома. Яна адзначыла важкі ўклад кожнага сельскага працаўніка ў агульны каравай Прыдзвіння, пажадала, каб у наступным годзе ён быў яшчэ больш важкім.
Таццяна Анатольеўна ўручыла прафсаюзныя знакі Гонару лепшым трактарыстам-машыністам вобласці, нагрудныя знакі «За заслугі» Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – некаторым старшыням раённых выканаўчых камітэтаў вобласці, дырэктарам прадпрыемстваў. Многія сельскія працаўнікі атрымалі Ганаровыя граматы Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Ганаровымі граматамі Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК і сертыфікатамі на санаторна-курортнае лячэнне ў санаторыі «Крыніца» былі адзначаны сталыя і маладыя перадавікі сельскай гаспадаркі. Сярод апошніх 24-гадовы механізатар ААТ «Прыазёрны мір» Вадзім Гарланаў, які на МТЗ перавозіў зерне і кармы, зараз уздымае зябліва, прымае ўдзел у сяўбе сельскагаспадарчых культур.
Павіншаваць вясковых працаўнікоў вобласці каштоўнымі падарункамі ў Шуміліна прыехалі прадстаўнікі буйных прадпрыемстваў рэспублікі, якія вырабляюць і рамантуюць сельскагаспадарчую тэхніку. Генеральны дырэктар «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Мацвееў адзначыў, што на падрыхтоўцы да абласных «Дажынак» у Шуміліне працавалі 8 дарожных арганізацый вобласці, сіламі якіх зроблены 31 аб’ект агульным коштам больш як тры мільёны рублёў. Каардынатарам і кіраўніком усіх работ у Шуміліне з’яўляўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін, якога Уладзімір Мацвееў павіншаваў і ўручыў падарунак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №73 ад 21.09.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *