Букет святочных падарункаў атрымала Шуміліна да «Дажынак»

Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости

Букет святочных падарункаў

Стала добрай традыцыяй адкрываць да «Дажынак» абноўленыя аб’екты з удзелам кіраўніцтва вобласці, ганаровых гасцей і дэлегацый усіх раёнаў Віцебшчыны. Не стала выключэннем і Шуміліна.

Алея Славы
Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак на Алеі Славы ў гарадскім парку. Да абласнога свята тут з’явілася ўваходная група, у пачатку алеі ўсталяваныя мармуровыя пліты з прозвішчамі 106-ці Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі гэтае званне ў баях за вызваленне Шумілінскага раёна. Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Бельскі, ганаровыя госці ўсклалі кветкі да Вечнага агню, ушанавалі памяць воінаў Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.

«Школа будучага»
Маштабная мадэрнізацыя, праведзеная ў сярэдняй школе №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка, дазваляе гаварыць аб літаральна новай установе адукацыі. Абноўленыя памяшканні, новая мэбля і абсталяванне ствараюць найлепшыя ўмовы для атрымання ведаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў, што шумілінская школа стала юбілейнай – праграма «Школа будучага» рэалізуецца ў вобласці пяты год. Кіраўнік адукацыйнай галіны расказаў, што ў рамках праграмы сёлета значныя рамонты праведзены ў школах амаль у кожным раёне Віцебшчыны. Умацаванне іх матэрыяльнай базы, якое будзе завершана на працягу года, дазволіць аднесці і іх да «школ будучага». Рэалізацыя праграмы дае магчымасць вучням атрымліваць веды на новым узроўні, з выкарыстаннем самых сучасных адукацыйных тэхналогій рыхтаваць патэнцыйныя кадры для будучага нашай краіны.

Для спорту і здароўя
Дзякуючы «Дажынкам» з’явіўся ў Шуміліне і новы стадыён. Гэта сапраўды новае спартыўнае збудаванне, якое адпавядае строгім патрабаванням: новае футбольнае поле, дарожкі з гумавым пакрыццём, пляцоўкі для вулічнага спорту, пляцоўка для катка, крытыя трыбуны на 200 месцаў. На стадыёне створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, што ўжо маглі ацаніць вучні шумілінскіх школ, якія займаюцца тут на ўроках фізкультуры. А своеасаблівым сімвалам спартыўнага аб’екта стала кампазіцыя з футбольнай буцы і мяча, якую адкрылі ў прысутнасці высокіх гасцей.

Палац для муз
Пяць год Шуміліна жыло без галоўнай сцэны. Нарэшце абноўлены Цэнтр культуры расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Светлае фае, у якім да аграрнага свята разгарнулася выстава дажыначных снапоў усіх раёнаў вобласці. Утульная зала з мяккімі крэсламі чакае гледачоў. У будынку створаны добрыя ўмовы для самадзейных артыстаў, для творчых заняткаў дарослых і дзяцей. А пляцоўку перад будынкам РЦК упрыгожыла скульптура Івана Казака «Танец закаханых». Дарэчы, лавачкі вакол скульптуры ўжо аблюбавалі маладыя пары. ЗАГС жа побач!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №73 ад 21.09.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *