Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук завітаў у Шуміліна з рабочым візітам

Главное Новости Спорт, туризм

«Расціце новых чэмпіёнаў»

29 верасня Шумілінскі раён з рабочым візітам наведаў Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук

Міністр уручыў сертыфікат на 5 тысяч рублёў дырэктару Шумілінскай СДЮШАР Алегу Асташонку

Падчас рабочай паездкі міністр сустрэўся з кіраўніцтвам раёна, правёў асабісты прыём грамадзян, наведаў спартыўныя аб’екты Шуміліншчыны, правёў сустрэчу са спартыўнай грамадскасцю раёна. Міністра суправаджаў начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Васіль Захарэвіч.
Дарэчы, з раніцы, да прыезду ў Шуміліна, кіраўнік спартыўнай галіны Беларусі разам са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым адкрыў рэканструяваны цір у Віцебскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву.

На прыём да міністра
На прыём да міністра спорту і турызму прыйшлі дырэктар Обальскай сярэдняй школы Аляксандр Сачыўка і настаўнікі фізкультуры гэтай школы Віктар Гусакоў і Пётр Ганушчанка. Яны звярнуліся з просьбай зрабіць у школе спартыўную пляцоўку са штучным пакрыццём, а таксама бегавыя дарожкі на школьным стадыёне. Сяргей Міхайлавіч распытаў заяўнікаў пра гарадскі пасёлак, школу, жаданне дзяцей займацца футболам, і адзначыў, што для такога вялікага пасёлка пляцоўка (у Обалі жыве больш за 2,5 тысячы чалавек, у школе вучацца больш за 260 вучняў) будзе мэтазгоднай, але прапанаваў раённым уладам дапамагчы і зрабіць аснову пад пляцоўку.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, які прысутнічаў падчас прыёму, падтрымаў заяву, адзначыўшы, што ў раёне ёсць вопыт супрацоўніцтва з Беларускай федэрацыяй футболу па праграме «Бонфеста – дзецям».
– У такім выпадку ўключым Обаль у праграму будаўніцтва міні-футбольных палёў на наступны год. Да вас прыедуць спецыялісты, каб вырашыць усе неабходныя пытанні, – падсумаваў размову міністр.

Сустрэча з грамадскасцю
Сустрэча са спартыўнай грамадскасцю раёна прайшла ў райвыканкаме, на яе былі запрошаны трэнеры спартыўных школ, работнікі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, прадстаўнікі ўлады.
Сяргей Кавальчук пачаў сустрэчу з ухвальных слоў, адрасаваных раённаму кіраўніцтву і работнікам фізкультурна-спартыўнай галіны раёна, за годную спартыўную базу, якая створана на Шуміліншчыне, падтрымліваецца на належным узроўні, і, самае галоўнае, дае аддачу.
«Вельмі прыемна адзначыць, што дзіцячая спартыўная школа алімпійскага рэзерву, абодва яе аддзяленні – валейбольнае і грэка-рымскай барацьбы – даюць высокія вынікі, якім могуць пазайздросціць спартыўныя школы вялікіх гарадоў, – сказаў міністр спорту і турызму краіны. – Вашы выпускнікі прадстаўлены і ў нацыянальных камандах краіны, і юнацкіх і маладзёжных камандах, а цяперашнія выхаванцы паказваюць высокія вынікі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Значыць, работа праводзіцца правільная, якасная. Задача кожнага з нас – каб спартыўныя аб’екты былі загружаны, давалі вынік. Дзяржава ўклала грошы ў стварэнне гэтых аб’ектаў, зрабіла іх, а мы павінны забяспечыць іх эфектыўнае выкарыстанне». Ёсць добрыя вынікі ў прафсаюзнай спортшколы “Алімпіец ».
Кіраўнік галіны расказаў пра сваю паездку па спартыўных аб’ектах Шумілінскага раёна, прадставіў сваё бачанне іх далейшага развіцця і выкарыстання. У прыватнасці, ён падтрымаў прапанову кіраўніка раёна Віктара Гутарава аб выкарыстанні комплексу будынкаў былой гімназіі як базы для заняткаў спартыўных вучылішчаў Віцебскай вобласці па многіх відах спорту: ёсць і футбольнае поле, і спартыўная зала, возера для развіцця водных відаў, цудоўныя ўмовы для пражывання.
Міністр спыніўся на развіцці беларускага спорту ў сучасных умовах, стварэнні сістэмы адбору і трэніровак спартсменаў, пачынаючы з дзіцячага ўзросту. Ён заўважыў, што прыклад маленькіх гарадоў паказвае, што яны могуць рыхтаваць будучых чэмпіёнаў: члены нацыянальных каманд Ганна Сола і Ала Талкач, Кірыл Цюрын (біятлон) – з Шуміліна.
Сяргей Кавальчук спыніўся на сітуацыі ў грамадска-палітычным жыцці краіны, заклікаў адносіцца адказна і ўзважана да той інфармацыі, якая падаецца, асабліва ў інтэрнэт-рэсурсах. Міністр падкрэсліў, што дзяржава ўкладае вялікія сродкі ў развіццё сацыяльнай сферы, у тым ліку і спорту, стварае годныя ўмовы для развіцця спартсменаў. Трэба ацэньваць дзейнасць людзей, у тым ліку і палітыкаў, па справах, а не па словах.
На развітанне кіраўнік галіны падзякаваў прысутным за работу. «Расціце новых чэмпіёнаў», – выказаў сваё пажаданне высокі госць трэнерам спартыўных школ. Міністр уручыў сертыфікат на 5 тысяч рублёў дырэктару Шумілінскай СДЮШАР Алегу Асташонку, раней сертыфікат на 10 тысяч рублёў атрымаў трэнер-выкладчык па біятлоне Віцебскай абласной СДЮШАР «Алімпіец» Генадзь Салапаеў. Сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльнай базы спартыўных устаноў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №76 ад 01.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *