Мнагастаночнік Карнілаў

Главное Культура Новости

Мнагастаночнік Карнілаў

Мастацкі рэжысёр + сцэнарыст + канферансье + акцёр + танцор + спявак – і гэта ўсё ён, мнагастаночнік з Шумілінскага раённага цэнтра культуры Аляксандр Карнілаў.

У юнацтве марыў пра журналістыку, пра педагагічную справу, а на сцэну паглядваў з захапленнем, не ўяўляючы нават, што зусім хутка яна цалкам завалодае ўсімі яго думкамі, што менавіта тут ён зможа раскрыць шматлікія грані свайго таленту, у тым ліку магчымасць працаваць са словам і публікай.
У ролі вядучага Аляксандр выглядае ўпэўнена, умее пажартаваць, імправізаваць, падтрымаць партнёра і запоўніць паўзу.
– Ствараецца ўражанне, што вы зусім не хвалюецеся?
– Яшчэ як хвалююся. Калі стаю за кулісамі, іншы раз здаецца, што і тэкст зусім не помню. Але як толькі выходжу на сцэну, усё становіцца на сваё месца, успамінаецца тэкст, з’яўляецца ўпэўненасць і жаданне працаваць з залай. Але больш я хвалююся за іншых, калі, напрыклад, рыхтую і адказваю за мерапрыемства. У такіх выпадках перажыванняў яшчэ больш. І задавальнення ад удалага ўвасаблення задуманага, вядома, таксама больш.
– Аляксандр, Вы былі адзначаны як лепшы вядучы ў вобласці.
– Дакладней, я атрымаў другое месца (першае месца журы вырашыла не прысуджаць) у абласным конкурсе забаўляльных праграм.
На сцэне Аляксандру дапамагаюць акцёрскія здольнасці, недарэмна ж ён – адзін з вядучых акцёраў народнага тэатра і тэатра мініяцюр «БУФФ». У нашай размове ён часта адказвае цытатамі сваіх тэатральных герояў, хутка мяняючы тэмбр голасу ад барытона да фальцэта і інтанацыю. То ён у ролі Цешчы са спектакля буфаўцаў на свяце гумару «Смяяцца не грэх», то раптам пераўвасобіцца ў Дзеда Мароза ці ў любімы персанаж Пірата. А нядаўна ён выдатна сыграў ролю Мікалая ў спектаклі «Кадрыля», адзначаны на абласным конкурсе другім месцам.
– А як здарылася, што вы сталі яшчэ і танцорам?
– Дык хлопцаў жа мала ў культуры, вось і прыйшлося. Спачатку было складана, а потым пайшло. І цяпер я магу ўжо і польку, і лявоніху, і падэспань, і нават кадрылю і лысага.
Да танцаў далучылася і песня, сёння Аляксандр Карнілаў з’яўляецца ўдзельнікам эстраднай групы «Акцэнт», спявае таксама ў трыа, у дуэтах. Мы не вельмі здзівімся, калі ён выйдзе і з сольнымі нумарамі. Такі ўжо ён чалавек, не стаіць на месцы. І не сядзіць на месцы.
Аказалася, што апроч усяго вышэй нагаворанага, Аляксандр заядлы падарожнік, ён ужо паспеў пабываць у чэшскай Празе, аўстрыйскай Вене, венгерскім Будапешце, швецкім Стакгольме, латвійскай Рызе, эстонскім Таліне. Збіраўся летась у Італію, браў накірунак на Рым і Ватыкан, але планам перашкодзіў каранавірус. Можа ў выніку гэтага ці паралельна захапіўся яшчэ і ландшафтным дызайнам, пераўтварыў сваю дачу ў прывабны домік. А колькі яшчэ захапленняў і роляў наперадзе!
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №78 ад 08.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *