На сцэне – «Прэм’ера»

Культура Новости Общество

На сцэне – «Прэм’ера»

Узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Башнёўскага сельскага клуба сёлета адзначае 20 год з дня свайго стварэння. Пра яго і культурнае жыццё ў Башнях мы гутарым з работнікамі клуба – загадчыцай Аленай Саўчанка, рэжысёрамі Людмілай Арэхавай і Аленай Міраненка, а таксама з мясцовым бібліятэкарам Алай Сафончык.

Работнікі клуба адзначаюць, што добры старт «Прэм’еры» ў 2001 годзе дала Ірына Бондарава, а калі яна пайшла на павышэнне ў раён, яны падхапілі справу і ўсімі сіламі стараюцца не зніжаць планку, пацвярджаючы сваё майстэрства перамогамі ў раённых і абласных мерапрыемствах.
На фоне «сцяны славы», што да столі ўпрыгожана дыпломамі і граматамі, прапануем культработнікам сфатаграфацца разам з дзецьмі, якіх вечарам у гэты аўторак мы заспелі ў клубе. Дзеці прымаюць прапанову з задавальненнем, ім гэтыя вязаныя лялькі знаёмыя з ранняга дзяцінства, і быць акцёрам лялечнага тэатра для іх гэтак жа натуральна, як і хадзіць у школу.
Вось толькі дзяцей у Башнях становіцца ўсё менш і менш, з сумам зазначаюць работнікі культуры. А тут яшчэ каранавірус прычапіўся, людзі сталі баяцца прыходзіць у клуб, а так хочацца, каб клубная зала па-ранейшаму поўнілася гледачамі, і каб далёка на вуліцы былі чутныя доўгія апладысменты. Для гэтага яны і працуюць: пішуць сцэнарыі, майструюць дэкарацыі, не шкадуюць часу для рэпетыцый. І выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб паказаць сваю творчасць, якая пастаянна атрымлівае высокую адзнаку спецыялістаў.
Так, толькі за апошні год узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Башнёўскага сельскага клуба атрымаў 1 месца ў абласным (дыстанцыйным) свяце-конкурсе аматарскіх дзіцячых калектываў «Малая сцэна» – за аднаактавы спектакль Людмілы Арэхавай «Дзеці вайны»; 1 месца ў раённым аглядзе-конкурсе тэатральных калектываў «Тэатральная вясна – 2021» – за аўтарскі спектакль Людмілы Арэхавай «Рэпка на новы лад»; 1 месца прынесла башнёўцам і абласное свята гумару «Смяяцца не грэх» – так была адзначана мініяцюра Людмілы Дарзнек «Супрацьпажарная бяспека» ў выкананні тэатральнага калектыву.
Не забываюць культработнікі і пра жыхароў свайго аграгарадка – ладзяць для іх святы, выставы, вечары-партрэты. Людміла Арэхава, напрыклад, прызналася, што яна любіць сцэну ва ўсіх яе праяўленнях: піша сцэнарыі, вяжа лялек, з задавальненнем пераўвасабляецца ў розных персанажаў.
Адным словам, ёсць усе падставы чакаць ад «Прэм’еры» новых прэм’ер.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №78 ад 08.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *