Людміла і Аляксандр Гайдуковы: «Мы вельмі шчаслівыя, што ў жыцці ўсё склалася менавіта такім чынам»

Общество Семья

Цяпло сямейных вечароў

Пачуўшы словазлучэнне  «шматдзетная сям’я», кожны ўяўляе штосьці сваё. А вось сустрэўшыся з сям’ёй Гайдуковых з Обалі, усведамляеш: шматдзетная сям’я – значыць шчаслівая. У іх кватэры заўсёды чуваць дзіцячыя галасы, і такі дом ніколі не стане пустым і халодным. Тут заўсёды адчуваецца патрэба аднаго ў адным, сямейная цеплыня і бязмежная любоў.

– Не ўяўляем нашу сям’ю, калі б у ёй не было нашых дзяцей – адразу пачалі гутарку Людміла і Аляксандр Гайдуковы. – Мы вельмі шчаслівыя, што ў жыцці ўсё склалася менавіта такім чынам.
Здаецца, па-іншаму сямейнае жыццё Людмілы і Аляксандра проста не магло скласціся. Яны самі са шматдзетных сем’яў: у бацькоў Аляксандра было шасцёра дзяцей, у бацькоў Людмілы – пяцёра. Яны з дзяцінства ўсвядомілі, што сапраўднае сямейнае і чалавечае шчасце можа жыць толькі ў вялікай сям’і.
Яшчэ ў чэрвені 2007 года, на вяселлі, Аляксандр і Людміла спадзяваліся, што ў іх сям’і будзе шмат дзяцей. Сёння яны выхоўваюць 15-гадовага Дзяніса, 14-гадовую Вікторыю, 11-гадовую Карыну і 7-гадовага Івана. Мама і тата доўга могуць расказваць пра кожнае сваё дзіця. Яны ўсе розныя, але кожны любімы і самы лепшы. Дзяніс вучыцца добра, хоча стаць праграмістам, Вікторыя, як прызнаецца маці, яе копія, калі вучылася ў школе, Карына – сапраўдны маторчык сям’і, а малодшы Іван самы дапытлівы і цікаўны.
Бацькі працуюць на Обальскім керамічным заводзе, Аляксандр – у службе аховы, Людміла – здымшчыцай-укладчыцай. Абодва працуюць пазменна. Магчыма, для некага такі графік работы мог стаць праблемай. Толькі не для сям’і Гайдуковых, у якой узаемападтрымка і ўзаемаразуменне даўно сталі нормай жыцця. І калі маці на змене, усе хатнія клопаты бярэ на сябе Аляксандр. І дзеці ведаюць, што з татам заўсёды цікава і весела (хаця, калі трэба, і спытае строга, па-бацькоўску). «А ўяўляеце карціну, калі муж пачынае з дзецьмі гуляць у даганялкі, – смяецца Людміла. – Усю кватэру дагары нагамі паставяць. Мне і па-сварыцца на іх трэба было б, але гляджу на іх задаволеныя твары і не магу. Для мяне такія моманты і ёсць сапраўднае жаночае шчасце». А яшчэ шчасце для яе, калі вяртаецца з работы, а да яе бягуць абдымацца чацвёра дзетак – ёсць такая завядзёнка ў Гайдуковых
Вечары, а гэта любімы час сутак у сям’і Гайдуковых, пралятаюць у адно імгненне. І не важна, дзе гэты вечар праходзіць: на дачы ці ў кватэры, за гатаваннем сямейнай вячэры ці за праглядам любімай тэлепрерадачы, за выкананнем дамашніх заданняў дзяцей ці за чаяваннем. Галоўнае, што ўсе разам. Так выхоўвалі Людмілу і Аляксандра іх бацькі, так яны выхоўваюць і сваіх дзяцей.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №80 ад 15.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *