У Шумілінскага лясгаса цяпер ёсць свая пагрузачная пляцоўка

Главное Новости Экономика

У Шумілінскага лясгаса цяпер ёсць свая пагрузачная пляцоўка

Урачыстае адкрыццё вытворчага аб’екта – ніжняга склада лесапрадукцыі лясгаса – адбылося на мінулым тыдні падчас выязной калегіі Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Калегія прайшла на базе Шумілінскага лясгаса з удзелам кіраўніцтва аб’яднання, дырэктараў, галоўных ляснічых, галоўных інжынераў і ідэолагаў лясгасаў вобласці.

Права перарэзаць стужку падчас ўрачыстага адкрыцця ніжняга склада лесапрадукцыі прадастаўлена начальніку станцыі Шуміліна Анатолю Атрошчанку, генеральнаму дырэктару Віцебскага ДЛГА Юрыю Заблоцкаму, старшыні райвыканкама Віктару Гутараву і дырэктару Шумілінскага лясгаса Аляксандру Лабынцаву.

Ідэю займець сваю пагрузачную пляцоўку кіраўніцтва лясгаса мела даўно, расказаў дырэктар Аляксандр Лабынцаў. Дагэтуль доўгі час прадпрыемства арандавала пляцоўку на базе мінеральных угнаенняў, і гэта была, так сказаць, перавалачная база.

У студзені 2020 года было прынята рашэнне выкупіць у «Шумілінскага райаграсэрвісу» былую нафтабазу для новага вытворчага аб’екта. Быў зроблены дэмантаж старога абсталявання і збудаванняў, падсыпана пляцоўка, уладкаваны цвёрдае пакрыццё і новыя сістэмы асвятлення па перыметры, пабудавана аглядавая пляцоўка са страховачнымі сістэмамі, сістэма захоўвання, набыта і ўстаноўлена адміністрацыйна-бытавое памяшканне модульнага тыпу. Аб’ём інвестыцый у аб’ект склаў больш за 360 тысяч рублёў.
«Атрымаўся годны ўчастак, – заўважыў на ўрачыстым адкрыцці ніжняга склада лесапрадукцыі старшыня райвыканкама Віктар Гутараў. – Упэўнены, што тут будзе камфортна працаваць, і пляцоўка дасць свой эфект». Падтрымаў кіраўніка раёна, пахваліў кіраўніцтва лясгаса за гаспадарлівы і прадуманы падыход да будаўніцтва пляцоўкі і генеральны дырэктар Віцебскага ДЛГА Юрый Заблоцкі. Юрый Іванавіч прапанаваў калегам узняць на ўзбраенне шумілінскі вопыт узвядзення падобных аб’ектаў, бо галіна прад’яўляе сур’ёзныя патрабаванні да бяспечных умоў на такіх вытворчасцях і бытавых зручнасцей.
Акрамя адкрыцця ніжняга склада лесапрадукцыі ўдзельнікі калегіі пабывалі на дзеючых вытворчых аб’ектах Шумілінскага лясгаса. У прыватнасці, азнаёміліся з работай поля дарошчвання і ляснога гадавальніка, цэха дрэваапрацоўкі, рамонтнай майстэрні. Пасля адправіліся на лесасекі Мікалаеўскага лясніцтва, якія пацярпелі падчас чэрвеньскіх бураломаў, і паглядзелі, як тут працуе спецыяльная тэхніка для лесааднаўленчых работ. Увазе прысутных была прадэманстравана работа мульчараў для здрабнення пасечаных рэшткаў і пнёў і сучасныя плугі для падрыхтоўкі глебы пад лясныя культуры.
На пасяджэнні калегіі быў разгледжаны шэраг актуальных пытанняў лясной галіны: выкананне лясгасамі прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, навядзенне парадку ў лясным фондзе і добраўпарадкаванне, вынікі кантрольна-рэвізійнай работы, будаўніцтва аб’ектаў прамысловай вытворчасці, работа са зваротамі грамадзян і інш.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №83 ад 26.10.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *