У аграсядзібах Шумілінскага раёна ладзіўся дзень адкрытых дзвярэй

Главное Экология Экономика

Пакаштаваць італьянскай кухні

У суботу 23 кастрычніка ў аграсядзібах раёна ладзіўся дзень адкрытых дзвярэй

Юрый Валяўка паказвае, як гатаваць песта з пятрушкі.

Усё большую папулярнасць набывае адпачынак у Беларусі. Мы зразумелі, што зусім не абавязкова ехаць далёка, каб набрацца сіл і ўражанняў. Ды і ўмовы для тых, хто хоча развівацца ў гэтым накірунку, зараз нядрэнныя. Галоўнае, як кажуць, знайсці сваю фішку, зрабіць аграсядзібу прывабнай і адметнай для турыстаў.
З мэтай пазнаёміцца, аказаць, калі трэба, метадычную дапамогу дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Ларыса Маладзечкіна, інструктар-метадыст Ірына Кулікава разам з іншымі гасцямі накіраваліся ў аграсядзібы.

Трохгадовая Веда дапамагае маці з курамі.

Некалькі год таму Анастасія і Уладзімір Міхалёвы пераехалі ў Віцебск з Расіі. Доўга шукалі дом, каб весці сваю гаспадарку. Такі знайшоўся ў вёсцы Лоўша. Гаспадары адразу ж завялі свіней, курэй, гусей, індакачак. Падумваюць і пра карову. Перайшоўшы цалкам на свае мяса, яйкі, гародніну, мараць і пра экалагічна чыстае малако. Насця навучылася пячы хлеб у печы – румяны, духмяны, хрумсткі. Расказала, што ў цеста абавязкова дабаўляе мёд.
Праз нейкі час нара-дзілася ідэя прымаць у сядзібе гасцей. А што? Прырода, як любяць турысты, некранутая. Побач азёры, лясы, небывалай прыгажосці Свята-Успенская царква, святая крыніца. Усе гэта грэх не манетызаваць. Першы крок – рэгістрацыя аграсядзібы «Доўгае» (па назве возера), ужо зроблены.
– Мы пакуль прадумваем фармат работы, – дзеліцца планамі Анастасія. – Нам бліжэй гастратурызм без размяшчэння гасцей на начоўку. А там паглядзім…
Ірына Кулікава праверыла ваду ў крыніцы побач з домам на нітраты. Тэст паказаў станоўчы вынік. Спецыяліст параіла карыстацца калонкай.
За ўладкаванне сядзібы ў вёсцы Шашы Юрый Валяўка ўзяўся ў 2017 годзе. Шукаў дом у глухамані, удалечыні ад гарадской мітусні. І цяпер усе ягоныя мары і старанні звязаныя з аграсядзібай «Лясны домік». З аднаго боку тут непраходныя балоты, а з другога – Заходняя Дзвіна. Накіроўваючыся сюды, мабільны тэлефон можна пакінуць дома – сувязі няма. Толькі прырода і цішыня.
Гаспадар прапануе адпачынак у лазні з начоўкай. Ёсць 8 спальных месцаў – у самой лазні на 2-м паверсе і ў доме. Дарэчы, усё ў сваім доме Юрый робіць уласнымі рукамі, нават мэблю. Толькі каб падзі-віцца на інтэр’ер яго дома, дзе ўсё прадумана да дробязяў, ёсць сэнс паехаць у Шашы. Ён засвоіў тэхніку брашыравання драўніны. Мае ўсе неабходныя інструменты. Займаецца развядзеннем сартавых пладова-ягадных культур. Часта госці хочуць набыць парастак вінаграду ці маліны.
А яшчэ Юрый – прафесійны повар. Ён 14 год працаваў у розных рэстаранах Масквы. Паказаў майстар-клас па прыгатаванні сапраўднай італьянскай пасты, а таксама соусу песта з пятрушкі, арахісу і сыру. Госці засталіся ў захапленні і ад майстар-класа, і ад дэгустацыі, і ад экскурсіі па наваколлі.
Прымалі гасцей у гэты дзень і ў аграсядзібе “Вядзьмарскае возера” ў вёсцы Лескавічы. Там прапануюць лазню з фіта-бочкай, экскурсію па вёсцы і дэгустацыю беларускіх напіткаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №83 ад 26.10.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *