Уладзімір Раманаў: «Дарогі выбралі нас»

Новости Экономика

«Дарогі выбралі нас»

Дарогі – твар Шуміліна і раёна ў цэлым, і ў першую чаргу пра іх якасць клапоцяцца работнікі ДРБУ-204. Гэтыя патрабаванні заўсёды ў цэнтры ўвагі службы. Пра гэта і многае іншае напярэдадні прафесійнага свята мы гутарым з начальнікам ДРБУ-204 Уладзімірам Раманавым, які разам са сваім калектывам з гонарам заяўляе: «Мы выбралі дарогі. Дарогі выбралі нас».

– Работа дарожнай службы – нялёгкая і турботная, патрабуе шмат намаганняў. Якім чынам у сувязі з «Дажынкамі» ўдалося закрыць многія праблемныя пытанні?
– На абслугоўванні ў ДРБУ-204 – 670 кіламетраў дарог мясцовага значэння. У другім квартале заасфальтавалі 1,25 км дарогі ў Каравайніцы, а таксама паклалі новы асфальт (0,95 км) на ўчастку аўтатрасы Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні за сродкі рэспубліканскага дарожнага фонду.
Грунтоўныя карэктывы ў планы прадпрыемства ўнеслі абласныя «Дажынкі». Яшчэ ў пачатку года былі вызначаны аб’ёмы, праведзены папярэднія каштарысныя разлікі. І ўжо ў сакавіку прыступілі да работ. Пачалі з рамонту тратуара на вул. Кароткіна, выкладвалі плітку, купленую за сродкі раённага суботніка. Затым працавалі на вуліцах Ленінская, Луначарскага, Вакзальная. Дапамагалі нашы калегі з Чашнікаў, Бешанковічаў, Гарадка, Ушач. Агульнымі намаганнямі паклалі каля 4 тысяч метраў квадратных тратуарнай пліткі.
– Нямала работы праведзена і па рамонце дарожнага пакрыцця.
– Рамонт дарог пачалі весці з наступленнем цёплых дзён. Часткова заасфальтавалі вул. Ленінскую, Луначарскага, Вакзальную, Кароткіна, Кірава, Мясаедава. Агульная плошча дарог з новым пакрыццём склала больш за 100 метраў квадратных. Акрамя гэтага, заасфальтавалі аўтастаянку насупраць «Еўраопта». Усяго на вуліцы і тратуары з раённага бюджэту быў выдзелены адзін мільён рублёў, грошы асвоены.
– А былі аб’екты, якія рамантавалі капітальна?
– Вуліца Сіпко. Праект быў гатовы амаль чатыры гады таму, а абласное свята «Дажынкі» стала нагодай для выдзялення фінансавання – з рэспубліканскага бюджэту паступіла 1,2 мільёна рублёў. Рамонт вялі ў дзве чаргі. Больш таго, тут зроблены тратуар, устаноўлена асвятленне. І нашы землякі засталіся задаволеныя: апошнім часам аматары пешых прагулак выкарыстоўваюць менавіта гэтую вуліцу.
Былі аб’екты і па бягучым рамонце. Гэта вуліца Суворава з павелічэннем стаянкі каля раённай бальніцы, што стала вельмі зручна як для медыцынскага персаналу, так і для наведвальнікаў. Бягучы рамонт правялі на вуліцы Сіпко – ад трасы Р-20 да павароту на Баёўку. На рамонт дарог на гэтых вуліцах патрацілі 320 тысяч рублёў, якія былі вы-дзелены з рэспубліканскага бюджэту.
Акрамя гэтага, займаліся добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый па вул. Луначарскага, 70 год БССР, 40 год Кастрычніка. Заасфальтавалі сем двароў, на што пайшлі 120 тысяч рублёў з раённага бюджэту.
– Ведаем, што многія прадпрыемствы і арганізацыі наймалі раённую дарожную службу для навядзення парадку на тэрыторыях.
– Дарожнікі працавалі на тэрыторыі лясгаса, «Вітконпрадукта», чыгуначнага вакзала, «Белтэлекама», «Метана», цэнтральнай раённай бальніцы, Дома культуры. Стараліся ўсе заяўкі выконваць без прамаруджвання і ў тэрмін.
– Аб’ёмы праведзеных работ уражваюць. Пэўна ж, прадпрыемства зарабіла нямала грошай.
– З працаздольным і старанным калектывам, калі дэфіцыту работы не было і своечасова паступала фінансаванне, гэта няцяжка было зрабіць. На дажыначных аб’ектах зарабілі 1,6 мільёна рублёў, што складае 150% да ўзроўню мінулага года.
– Як ацанілі вашу работу ў вобласці?
– Станоўча. Абласное кіраўніцтва на адной з нарад адзначыла плённую і паспяховую работу Шумілінскага ДРБУ-204.
– Дажынкі прайшлі. Чым займаецеся зараз?
– Цяпер працуем у Обалі – робім бягучы рамонт тэрыторыі ОКЗ і пляцоўку на вытворчым участку «Віцебскторф». Акрамя гэтага, з рэспубліканскага дарожнага фонду на рамонт мясцовых аўтадарог выдзелена 250 тысяч рублёў. Будзем рабіць бягучы рамонт аўтадарогі Слабада-Мазурына (1 км), асфальтаваць 1,8 км аўтадарогі Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні. Плануецца рамонт гравійнага пакрыцця на аўтадарозе Обаль-Лявонава-Мішкавічы-Ляжні (ля Кулакова). Да наступлення ўстойлівых маразоў мяркуем прагрэйдзіраваць праблемныя ўчасткі гра-війных грунтовых дарог.
– Што вы пажадаеце свайму калектыву напярэдадні прафесійнага свята?
– Хачу пажадаць перш за ўсё здароўя – гэта важна і актуальна. Сямейнага дабрабыту, поспехаў, дастатку, стабільнага будучага.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №84 ад 29.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *