У Шуміліне прайшла дыскусійная пляцоўка па тэме Кастрычніцкай рэвалюцыі

Главное Новости Общество

Погляд на падзеі праз стагоддзі

Па ініцыятыве раённай арганізацыі «Белая Русь», пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея напярэдадні святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі была арганізавана дыскусійная пляцоўка «Кастрычніцкая рэвалюцыя – погляд праз стагоддзі. Як гэта было?».

Пляцоўка сабрала лідараў і членаў грамадскіх арганізацый, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстаноў адукацыі, дэпутатаў. У якасці эксперта-госця прысутнічаў на мерапрыемстве галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама гісторык Дзяніс Юрчак.
Дзяніс Юрчак і распачаў дыскусію-дыялог, прызнаўшы тэму Кастрычніцкай рэвалюцыі спрэчнай, актуальнай, неадназначнай, узгадаў ход падзей больш чым стагадовай даўніны, расказаў пра прычыны рэвалюцыі, наступствы і магчымыя альтэрнатывы. «У гісторыі не бывае ўмоўнага ладу, – пад-крэсліў ён. – У той час улада валялася пад нагамі, яе трэба было проста ўзяць, што і зрабілі бальшавікі на чале з Уладзімірам Леніным, харызматычным лідарам, які ўмеў ставіць мэты і дасягаць іх. Вынікі рэвалюцыі многія ацэньваюць па-рознаму, зыходзячы са сваіх перакананняў і поглядаў. Але відавочна адно: гэта знакавая дата ў гісторыі, падзея сусветнага маштабу, якая мела свой поспех».
Сваё разуменне падзеі ў кантэксце сучаснасці выказала і маладое пакаленне. Настаўнік гісторыі Шумілінскай СШ №1 Сяргей Сахончык, які вырас, як кажуць, не ў Савецкім Саюзе, падзяліўся тым, якія каштоўнасці дэманструюцца ў яго сям’і, дзе ён з жонкай выхоўвае дваіх дзетак. «Стараюся, каб дзеці ведалі нашу гісторыю, тлумачу, што грамадства павінна развівацца эвалюцыйна, а галоўнымі каштоўнасцямі павінны быць мір, сям’я і шчасце. Гэта выхоўваю і ў сваіх вучняў, для якіх, шчыра сказаць, тэма Кастрычніцкай рэвалюцыі не самая лёгкая ва ўспрыманні і асэнсаванні».
Падчас работы дыскусійнай пляцоўкі некаторыя ўдзельнікі знайшлі адказы на свае пытанні, задаўшы іх гісторыку: і па асобе Леніна, і па рэвалюцыі. Былі развагі і выказванні наконт таго, якія ўрокі з падзей мінулага мы павінны вынесці, як важна ў дзяцей выхоўваць патрыятызм, любоў да роднай мовы, выхоўваць пачуццё павагі да гісторыі. Дарослыя павінны дапамагаць маладому пакаленню разумець мінулае і сучаснае, арыентавацца на шчаслівую і мірную будучыню.
Новае стагоддзе. Новае жыццё. Новыя каштоўнасці і ідэалы. Мяняецца ўсё, але Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі застанецца ў гісторыі і лёсах людзей назаўсёды – вынікі работы дыскусійнай пляцоўкі падвяла намеснік старшыні райвыканкама кіраўнік раённай грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Ірына Шалахава.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №87 ад 09.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *