Мара стаць юрыстам ажыццявілася

Молодёжь Общество

Мара стаць юрыстам ажыццявілася

З новымі мэтамі і планамі на будучае Дар’я Трафімава пачала свой прафесійны шлях на пасадзе старшага інспектара групы інфармацыйнага забеспячэння аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

Любоў да справядлівасці, імкненне знаходзіць ва ўсім кампраміс і бязмежнае жаданне дакапацца да ісціны дапамаглі Дашы выбраць прафесію па душы і закончыць сёлета юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з дыпломам з адзнакай. Падчас вучобы дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў розных канферэнцыях, выступала з дакладамі, пісала навуковыя работы. Адзін з іх быў адзначаны дыпломам трэцяй ступені на рэспубліканскім узроўні.
«Вучоба мне давалася не цяжка, аднак я ніколі не забуду бяссонныя ночы перад экзаменамі, перажыванні і хваляванне родных, падтрымку сяброў і дапамогу мужа», – пры-зналася Дар’я. Нагадаем, што яе муж Павел Трафімаў у гэтым годзе стаў лепшым участковым інспектарам міліцыі Рэспублікі Беларусь, а ў свой час з адзнакай закончыў Акадэмію МУС.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў выпускніцы быў вялікі выбар будучага месца работы. Прывабныя прапановы, ад якіх цяжка было адмовіцца, па словах Дар’і, паступалі з органаў пракуратуры і следства з суседніх раёнаў і вобласці. Маладога супрацоўніка мог атрымаць таксама нацыянальны аэрапорт у Мінску, але дзяўчына вырашыла застацца ў родным гарадку і 15 ліпеня стала супрацоўнікам Шумілінскага РАУС.
«Я вельмі люблю Шуміліна. Тут прайшло маё дзяцінства, жывуць бацькі і працуе муж. Да таго ж, мне спадабалася праходзіць пераддыпломную практыку ў нашым РАУС. Я з усімі раззнаёмілася і паспела прывыкнуць. Таму ні на секунду не пашкадавала пра свой выбар і з задавальненнем вывучаю тонкасці прафесіі, – расказала Дар’я Аляксандраўна. Менавіта так зараз звяртаюцца да яе калегі.
Цікавай для Дар’і стала работа з рознымі базамі дадзеных. Гэтаму не вучаць ва ўніверсітэце, таму даводзіцца разбірацца з нуля. Старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння з’яўляецца своеасаблівым захавальнікам усёй інфармацыі, якая ёсць у аддзеле. Першы намеснік начальніка РАУС Уладзімір Петухоў працытаваў ёй вядомы афарызм: «Хто валодае інфармацыяй – той валодае светам». «Такія словы кіраўніцтва абавязваюць быць уважлівай, адказнай і падкрэсліваюць важнасць маёй работы», – падзялілася малады спецыяліст.
Аднак галоўная мара Дар’і – стаць атэставаным супрацоўнікам міліцыі. Іншымі словамі, быць чалавекам у форме і атрымаць званне. Усе мы памятаем словы Аляксандра Суворава аб тым, што дрэнны той салдат, які не жадае стаць генералам. Таму пажадаем маладому міліцыянеру Дар’і Аляксандраўне Трафімавай дасягнуць сваёй мэты, пабудаваць паспяховую кар’еру і спраўдзіць мару. Бо сама дзяўчына ўпэўнена: «Жыццё — гэта магчымасць і нельга яе пражыць дарма. І калі хадзіць на работу, то толькі на любімую, пасля якой заўсёды з добрым настроем будзеш вяртацца дадому».
Дар’я ЧАПУРНОВА,
пазаштатны карэспандэнт.
Апублікавана ў №87 ад 09.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *