У Шумілінскім раёне сямейны капітал выплачаны 246 мнагадзетным сем’ям

Главное Новости Семья

Сямейны капітал – 246 мнагадзетным сем’ям

Праграма сямейнага капіталу дзейнічае ў краіне з 2015 года. За перыяд з 2015 года па кастрычнік 2021 года ў нашым раёне пададзена 250 заяў на прызначэнне сямейнага капіталу. Па стану на 1 лістапада 2021 года ён прызначаны 246 мнагадзетным сем’ям.

Як расказалі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, 205 сямей атрымалі сямейны капітал у памеры 10000 долараў ЗША згодна з дзеючым на той момант заканадаўствам. З уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.09.2019 г. №345 «Аб сямейным капітале» ў 2020 годзе 24 мнагадзетныя сям’і атрымалі сямейны капітал у памеры 22500 рублёў. За 10 месяцаў гэтага года капітал (яго памер склаў 23737,50 руб.) атрымалі 17 мнагадзетных сямей Шуміліншчыны.
З 2020 года сямейным капіталам можна распараджацца датэрмінова – на жыллё, медыцыну, адукацыю. У нашым раёне за гэты перыяд прынята 95 рашэнняў (38,6%) аб датэрміновым распараджэнні сродкамі капіталу, у тым ліку на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля – 33, на набыццё жылля – 41, на пагашэнне крэдытаў – 13, на атрыманне адукацыі – 3, на атрыманне медыцынскіх паслуг – 5.

Да слова. Сямейны капітал прадастаўляецца адзін раз – пры нараджэнні трэцяга ці наступнага дзіцяці. Даецца не на малога, са з’яўленнем якога сям’я набыла права на назначэнне дапамогі, а на сям’ю і яе членаў.
Заяву на прызначэнне сямейнага капіталу неабходна падаць у службу «адно акно» райвыканкама на працягу шасці месяцаў з дня нараджэння (ўсынаўлення) дзіцяці. Пасля назначэння дапамогі неабходна адкрыць у банку ўклад (дэпазіт) «Сямейны капітал». Яго можна выкарыстаць, не чакаючы, калі дзіця дасягне паўналецця.
Між іншым, з 1 студзеня 2022 года ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №389 «Аб выкарыстанні сямейнага капіталу», якім пашыраны накірункі датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і платных медыцынскіх паслуг.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №92 ад 26.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *