Передовой механизатор Александр Романятов пришёл в гости к ученикам Слободской школы

Главное Новости Образование Сельское хозяйство

У гасцях – перадавы механізатар

Любоў да зямлі, працавітасць, вернасць свайму абавязку – якасці, якія заўсёды былі і ёсць складнікамі духоўнага багацця чалавека. Людзі, якія шчыруюць на зямлі, карыстаюцца агульнай павагай. Праца на зямлі – гэта не проста від дзейнасці, гэта лад жыцця, які патрабуе поўнай самааддачы. Ідзе час, мяняюцца эпохі, а аўтарытэт аграрыяў толькі ўзрастае.

І не выпадкова тое, што 23 лістапада ў госці да вучняў і педагогаў Слабадской яслі-сад – базавай школы завітаў ганаровы госць – перадавы механізатар ААТ «Прыазёрны мір» Аляксандр Леанідавіч Раманятаў. Гэта прозвішча ведаюць у раёне.
Аляксандр Раманятаў – мясцовы жыхар, адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі, неаднаразова займаў першыя месцы ў вытворчых спаборніцтвах і на жніве, і на сяўбе, уздымаўся на сцэну «Дажынак» і атрымліваў падарункі.
Між вучнямі і госцем вялася размова пра працоўныя будні, пра галоўнае ў прафесіі механізатара. Са слайдаў прэзентацыі, якую прадставіў Аляксандр Леанідавіч, вучні пабачылі тэхніку, на якой ён працуе і так дасканала засвоіў, што можа сабраць і разабраць любую дэталь. У гаспадарцы сучасныя трактары, на якіх камфортна працаваць. Але вучыцца трэба заўсёды. І ў доказ гэтага дзеці пабачылі і пагарталі тэхнічны даведнік, які часценька бярэ ў рукі ганаровы госць. Відэафрагменты дазволілі ўсім пабываць на калгасным полі, пачуць гул трактароў, пабачыць узараныя скібы раллі.
Падзяліўся госць уласнай формулай поспеху: працаваць адказна і сумленна на маці-зямлі, рабіць сваю справу не толькі прафесійна, але і ўкладваць сваю душу. Чалавек вырошчвае хлеб, а хлеб выхоўвае чалавека. Вучняў уразілі працоўныя заслугі А. Раманятава: ганаровыя граматы, пісьмы-падзякі, пунсовыя стужкі пераможцы жніва розных год і самая каштоўная ўзнагарода – дыплом «Чалавека года Віцебшчыны». Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Леанідавіч пажадаў дзецям ведаць сапраўдную цану хлеба, папоўніць хлебаробскую гвардыю новымі сіламі, якія патрэбны ў сельскай гаспадарцы.
Сустрэча была пазнавальнай і цікавай для вызначэння магчымага жыццёвага шляху вучняў сельскай школы.
Надзея КАРОТЧАНКА,
намеснік дырэктара Слабадской яслі-сад – базавай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *